Урад Брытаніі раскрыў падрабязнасці саміту з Зяленскім у Лондане
3- 2.03.2025, 12:56
- 11,332

Кір Стармер агучыў галоўныя тэмы.
У Лондане ў нядзелю, 2 сакавіка, адбудзецца саміт па Украіне. У ім возьмуць удзел лідары больш чым 10 дзяржаў, кіраўніцтва ЕЗ і NATO.
Пра гэта паведамляе ўрад Вялікай Брытаніі.
Як адзначае ўрад, у саміце возьме ўдзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, а таксама лідары Францыі, Нямеччыны, Даніі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Гішпаніі, Канады, Фінляндыі, Швэцыі, Чэхіі і Румыніі.
Таксама будзе прысутнічаць міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан, генеральны сакратар NATO Марк Рутэ і прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і кіраўнік Еўрапейскай рады Антоніу Кошту.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер раніцай 2 сакавіка сустрэне прэм'ера Італіі Джорджу Мелоні на Даўнінг-стрыт. Потым далучацца іншыя лідары.
Галоўныя тэмы саміту:
умацаванне пазіцый Украіны цяпер - уключаючы сталую вайсковую падтрымку і ўзмацненне эканамічнага ціску на Расею;
неабходнасць трывалага працяглага пагаднення, якое забяспечыць сталы мір ва Украіне і гарантуе, што Украіна зможа стрымліваць і абараняцца ад будучых нападаў з боку Расеі;
наступныя крокі ў планаванні надзейных гарантый бяспекі.
«У партнёрстве з нашымі хаўруснікамі мы павінны ўзмацніць падрыхтоўку да еўрапейскага элемента гарантый бяспекі разам з працягам дыскусій з ЗША. У нас ёсць магчымасць аб'яднацца, каб забяспечыць справядлівы і працяглы мір ва Украіне, які гарантуе іх суверэнітэт і бяспеку», - заявіў Стармер.