Беларусы будуць працаваць даўжэй, а пенсіі – зніжацца
22- 2.03.2025, 14:16
- 15,664

Прагноз эканаміста.
Праз 25 гадоў на 10 працуючых беларусаў будзе прыпадаць 6 пенсіянераў. Такія звесткі прыводзіць эканаміст Леў Львоўскі, паведамляе «Еўрарадыё».
На яго думку, калі ў найбліжэйшыя гады не правесці глыбокую рэформу, то праз 10-15 гадоў дзяржава будзе фінансаваць пенсіі толькі з бюджэту, а іх сума скароціцца.
Праблема ў дэмаграфіі
Беларуская пенсійная сістэма працуе паводле размеркавальнага прынцыпу: унёскі грамадзян, якія працуюць, ідуць на выплаты цяперашнім пенсіянерам. Гэтая схема была эфектыўная, калі насельніцтва расло. Але сітуацыя ў Беларусі кардынальна мяняецца і ўжо не першы год.
«Цяпер на 10 працуючых прыходзіцца 4 пенсіянеры, а праз 25 гадоў іх будзе ўжо 6, - тлумачыць Львоўскі. - Гэта значыць, што нагрузка на працуючых павялічыцца ў паўтара разы».
Дэмаграфічны крызіс пагаршаецца пра рост працоўнай эміграцыяй і зніжэнне нараджальнасці, што вядзе да скарачэння людзей, якія робяць адлічэнні ў пенсійны фонд.
Нягледзячы на тое, што праблеме не першы дзясятак гадоў, улады ўважаюць за лепшае яе не абмяркоўваць.
«Урад запэўнівае, што ў ФСАН ёсць прафіцыт, але насамрэч фонд ужо сёння часткова фінансуецца з дзяржбюджэту», – кажа Львоўскі. Толькі ў 2024 годзе на падтрымку фонду было выдзелена 2 млрд рублёў.
Калі такая тэндэнцыя захавацца, то праз некалькі гадоў пенсійны фонд будзе цалкам забяспечвацца з бюджэту, і гэта негатыўна адаб'ецца на суме пенсій.
Разумеючы гэта, урад робіць толькі касметычныя змены. Так быў скасаваны вылік з пенсій працуючым пенсіянерам.
«Гэта добры захад, але ён толькі крыху адкладае крызіс. У эканоміку вернецца максімум 10 тысяч чалавек, а гэтага відавочна недастаткова», - тлумачыць Львоўскі.
Уведзенае раней дадатковае пенсійнае страхаванне не выратуе сітуацыю. Цяпер у гэтай сістэме блізу 45 тысяч чалавек, а іх грошы інвестуюцца паводле непразрыстых схем, падкрэслівае эксперт.
Якія захады могуць быць ужытыя ўрадам?
Львоўскі мяркуе, што ўлады падвысяць пенсійны ўзрост для жанчын. Таксама магчымае ўцягванне ў эканоміку маці ў дэкрэце і людзей з інваліднасцю.
Але ўсё гэта толькі часовыя развязанні, падкрэслівае эксперт. Сапраўдная рэформа павінна ўключаць пераход да змешанай сістэмы - спалучэння салідарнага і назапашвальнага прынцыпаў.
Чаму такую пенсійную рэформу складана правесці ў цяперашняй сітуацыі?
Перавесці частку ўнёскаў на назапашвальныя рахункі можна толькі за кошт вонкавага крэдыту, але ў Беларусі зараз няма доступу да міжнародных запазычанняў. Акрамя таго, у насельніцтва няма даверу да ўлады, а назапашаныя грошы павінны быць надзейна інвеставаныя.
«Цяпер дзяржава прапануе людзям адмовіцца ад часткі даходаў дзеля выплатаў праз 30-40 гадоў. Але ў цяперашняй палітычнай і эканамічнай сітуацыі ніхто не верыць у стабільнасць гэтых назапашванняў», - падкрэслівае Львоўскі.
Рэформа непазбежная, але калі?
Адкладаць рэформу становіцца з кожным годам усё больш складана. Ігнаруючы праблему, улады дасягнуць крытычнага пункту і тады ўраду застануцца два выхады: або значна павялічваць страхавыя ўнёскі, або скарачаць суму пенсій.
«Беларусь стаіць перад выбарам: альбо рыхтавацца да пераходу на новую сістэму, альбо чакаць, пакуль праблема стане некантраляванай», – падсумоўвае эксперт.