Вялікая Брытанія выдзеліла Украіне крэдыт $3 млрд на зброю за кошт расейскіх актываў
5- 2.03.2025, 15:01
- 3,388

Стала вядома, калі паступіць першая рата.
Вялікая Брытанія выдзеліла Украіне крэдыт у суме 2,26 млрд фунтаў стэрлінгаў ($2,84 млрд) на падтрымку абараназдольнасці.
Пазыка будзе абслугоўвацца і выплачвацца за кошт прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў.
Пагадненне падпісалі канцлер казначэйства Вялікай Брытаніі Рэйчэл Рыўз і міністр фінансаў Украіны Сяргей Марчанка.
Крэдыт даецца на 30 гадоў. Першая рата 752 млн фунтаў стэрлінгаў павінна паступіць Кіеву ў канцы наступнага тыдня, паведаміў урад Вялікай Брытаніі.
«Бяспечная і надзейная Украіна - гэта бяспечнае і надзейнае Злучанае Каралеўства. Гэтае фінансаванне ўмацуе ўзброеныя сілы Украіны і паставіць яе ў найбольш моцнае становішча ў крытычны момант вайны», - падкрэсліла Рыўз.
У сваю чаргу прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падзякаваў Вялікай Брытаніі і паведаміў, што сродкі пойдуць на вытворчасць зброі ва Украіне.
«Менавіта так справядліва: плаціць павінен той, хто пачаў вайну», - адзначыў ён.
Пагадненне было падпісанае ў дзень сустрэчы прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармера і Зяленскага 1 сакавіка. Лондан назваў гэта довадам «непахіснай і сталай падтрымкі ўкраінскага народа».
Гэтыя сродкі з'яўляюцца часткай крэдыту $50 млрд, абяцанага краінамі G7. У рамках яго Украіна ўжо атрымала $1 млрд ад ЗША і 3 млрд еўраў ад ЕЗ, нагадала Мінфінансаў краіны.