Reuters: У Нямеччыне хочуць стварыць два фонды для абароны і інфраструктуры на сотні мільярдаў
- 2.03.2025, 20:41
- 3,760

Над гэтым працуюць тры палітычныя сілы, якія могуць сфармаваць кааліцыйны ўрад.
Нямецкія партыі, якія вядуць перамовы аб фармаванні новага ўрада, разглядаюць магчымасць хутка стварыць два спецыяльныя фонды для абароны і інфраструктуры, якія патэнцыйна ацэньваюцца на сотні мільярдаў еўраў. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на траіх інфармаваных ананімных суразмоўцаў.
Эканамісты, якія кансультуюць партыі, ацэньваюць, што для абароннага фонду трэба амаль 400 млрд еўраў, а для інфраструктурнага - ад 400 да 500 млрд, распавялі крыніцы.
Паводле іх слоў, "гарачая сустрэча" прэзідэнтаў Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме "ўзмацніла ў Бэрліне адчуванне тэрміновай патрэбнасці дзейнічаць хутчэй" у пытанні выдаткаў на абарону Нямеччыны і Украіны.
Reuters адзначае, што 28 лютага высокапастаўленыя прадстаўнікі кансерватараў і сацыял-дэмакратаў пачалі папярэднія перамовы аб фармаванні кааліцыйнага ўрада ў надзеі, што магчыма будучы канцлер Фрыдрых Мэрц сфармуе кабінет міністраў да Вялікадня (20 красавіка).
Суразмоўцы медыя адзначылі: ёсць надзея, што вышэйзгаданыя фонды будуць узгодненыя ў сакавіку, яшчэ падчас працы цяперашняга парламента.
З іх слоў, стварэнне двух спецфондаў абмяркоўваецца трыма партыямі і палітсілы працуюць над дэталямі. Размова ідзе пра Хрысціянскую-дэмакратычную ўнтю і Хрысціянска-сацыяльную унію (блок кансерватараў, якія перамаглі на апошніх выбарах), а таксама Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, у якую ўваходзіць дзейны канцлер Олаф Шольц, і якая заняла трэцяе месца на выбарах.
Крыніцы дадалі, што пакуль не прынятыя канчатковыя пастановы адносна фондаў.
Партыі адмовіліся ад каментароў, спасылаючыся на канфідэнцыйнасць перамоў.