21 сакавiка 2025, Пятніца, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы набылі ўжо тры «Менск-арэны» на канцэрт расейскіх папсавікоў

69
Беларусы набылі ўжо тры «Менск-арэны» на канцэрт расейскіх папсавікоў

На чарзе чацвёртая.

У канцы траўня – пачатку чэрвеня 2025 года ў Менск чарговы раз прыязджае з гастролямі расейскі поп-гурт «Рукі Уверх!» родам з дзевяностых. Кошты квіткоў не самыя нізкія, ад 90 да 297 рублёў, але беларусы размялі ўжо амаль тры стадыёны і раскупляюць чацвёрты, піша «Люстэрка».

На момант публікацыі тэксту на выступ 30 траўня няма ніводнага квітка (упэўніцца можна на сайтах аператараў kvitki.by і tiketpro.by). На 31 траўня і 2 чэрвеня засталося толькі некалькі дзясяткаў квіткоў.

Вялікі выбар на розныя сектары пакуль ёсць толькі на дадатковы, ужо чацвёрты канцэрт, які пройдзе 3 чэрвеня (тут і тут). Аднак пра яго абвясцілі зусім нядаўна, ды і да таго выступу яшчэ шмат часу. Колькі ж усяго людзей наведаюць канцэрты «Рукі Уверх!» і ці будзе гэта рэкордам?

На «Менск-арэне» 15086 сядзячых месцаў. Такую колькасць гледачоў яна можа прыняць на спартовых мерапрыемствах (праўда, аднойчы былі і рэкордныя 17 тысячаў). Колькі людзей умяшчаецца ў залу на канцэртах, не зусім зразумела, бо трыбуны за сцэнай не выкарыстоўваюцца, але дадаецца танцпол і фан-зона. Звычайна мяркуецца, што ў выніку выходзяць прыкладна тыя ж 15 тысячаў, але насамрэч колькасць часта меншая і залежыць ад пажаданняў арганізатараў.

Рэкорд запаўняльнасці «Менск-арэны» ў апошнія гады належаў спявачцы Anna Asti (Ганна Дзюба). Украінская выканаўца, якая пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Крамля супраць яе радзімы выступае ў Расеі і нават атрымала пашпарт гэтай краіны, дала тры запар канцэрты ў Менску – 6, 7 і 8 снежня 2023 года пры поўным солд-аўце. Паводле сацсетак спявачкі, на канцэртах было 13000 чалавек на кожным (прынамсі, 7 снежня – верагодна, на іншыя даты колькасць квіткоў была такой самай). Такім чынам, можна меркаваць, што Asti сабрала ў беларускай сталіцы блізу 39000 гледачоў.

Мяркуючы з усяго, гурт «Рукі Уверх!» пераб'е гэтае дасягненне. Ён распрадаў ужо тры «Менск-арэны», і цяпер гледачы актыўна раскупляюць чацвёртую. Гэта значыць канцэрты наведаюць ужо не менш за 40000 чалавек, а калі і на апошнім выступе будзе солд-аўт, то лік перавысіць 50 тысячаў.

Такой папулярнасцю «Рукі Уверх!» карыстаецца не толькі ў Беларусі, але і ў самой Расеі. Напрыклад, у 2022-м калектыў адзначыў сваё 25-годдзе і сабраў на маскоўскім стадыёне «Лужнікі» 72 тысячы гледачоў. А праз год на іх канцэрт прыйшлі ўжо 75 тысячаў чалавек.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках