Генштаб УСУ: Газавымяральную станцыю «Суджа» абстраляла расейская артылерыя
1- 21.03.2025, 11:20
- 4,190

РФ раней выкарыстоўвала яе трубу для стоенага перасоўвання сваіх падраздзяленняў.
Абвінавачанні Сіл абароны з боку РФ у абстрэле газавымяральнай станцыі «Суджа» з'яўляюцца беспадстаўнымі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Генштаба УСУ.
«Так, пазначаная станцыя неаднаразова абстрэльвалася самімі расейцамі. Летам мінулага года яна зазнала бамбаванне кіраванымі авіябомбамі, а тры дні таму расейцы зноў ударылі па ёй КАБамі.
Ужо сёння супраціўнік узмацніў сваё спланаванае дэструктыўнае інфармацыйнае ўздзеянне чарговай правакацыяй - абстраляў гэты аб'ект з артылерыі», - гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе нагадалі, што РФ раней выкарыстоўвала трубу магістральнага газаправода для схаванага перамяшчэння сваіх падраздзяленняў.
«Расейцы працягваюць прадукаваць шматлікія фэйкі і імкнуцца ўвесці ў зман міжнародную супольнасць. Просім давяраць толькі афіцыйным крыніцам, правяраць інфармацыю і не паддавацца маніпуляцыям», - рэзюмавалі там.
Нагадаем, раней паведамлялася, што ўночы 21 сакавіка прагрымелі выбухі на газавымяральнай станцыі (ГТС) «Суджа» у Курскай вобласці.