Прэзідэнт Чэхіі: Не падобна на тое, што Расея настроеная на замірэнне
4- 21.03.2025, 19:26
- 2,064

Трэба ўзмацніць ціск на РФ.
Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел, які другі дзень запар знаходзіцца ва Украіне і стаў сведкам расейскіх паветраных атак, мяркуе, што РФ не імкнецца да замірэння. Палітыка 21 сакавіка працытавала Radio Prague International.
20 сакавіка Павел наведаў Адэсу, дзе сустрэўся з віцэ-прэм'ерам і міністрам развіцця грамадаў і тэрыторый Аляксеем Кулебам, кіраўніцтвам Адэскай вобласці, а таксама прадстаўнікамі гарадоў Мікалаева і Херсона. Пасля чаго расейскія вайскоўцы масавана атакавалі горад ударнымі беспілотнікамі.
«Мяркуючы па тым, што мы можам бачыць і чуць, пакуль не падобна, што расейскі бок мае намер падпісаць якое-небудзь замірэнне. Відавочна, трэба ўжываць той ціск, пра які казаў амерыканскі прэзідэнт [Дональд Трамп] і які павінен быць дастаткова адчувальны для Расеі, каб яна адрэагавала», - падкрэсліў Павел.
Начальнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер у эфіры нацыянальнага тэлемарафона, урывак з якога апублікаваў у сваім Telegram-канале, патлумачыў, што Павел з'язджаў з Адэсы, калі першыя дроны рухаліся ў бок горада.
Увогуле, паводле слоў Кіпера, Адэсу атакавалі прыкладна 39 БПЛА. Ён расказаў, што расейцы зноў змянілі тактыку дронавых удараў.
«У некалькі этапаў запускалі беспілотныя сістэмы тыпу Shahed. [...] Назапашваюць іх у моры, а затым накіроўваюць мэтанакіравана на тыя ці іншыя аб'екты», - распавёў чыноўнік.
21 сакавіка Павел у Кіеве наведаў шпіталь «Ахматдзет», які Расея атакавала ў ліпені мінулага года.
«Мяркуючы па тым, што мне ўдалося пачуць, і таму, што ў канчатковым выніку задакументавана і перададзена ў Гаагу [Міжнародны крымінальны суд], такіх выпадкаў [абстрэлаў медустаноў і карэт «хуткай», якія з'яўляюцца ваеннымі злачынствамі] былі сотні», - сказаў чэшскі прэзідэнт.
Таксама Павел у Кіеве ўсклаў кветкі да помніка чэхаславацкім воінам на Сафійскай плошчы і наведаў Сафійскі сабор.