У Расеі памерла вядомая акторка, зорка «Гусарскай балады»
19- 22.03.2025, 12:58
- 15,046

Ларысе Галубкінай было 85 гадоў.
Расейская і савецкая акторка Ларыса Галубкіна памерла ва ўзросце 85 гадоў. Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС. Таксама пра смерць акторкі напісаў і расейскі тэлевядоўца Андрэй Малахаў.
– Паўгадзіны таму прыйшла навіна, што пайшла з жыцця мая сяброўка, зорка «Гусарскай балады», цудоўная акторка Ларыса Галубкіна… – паведаміў Малахаў у 11.37 паводле менскага часу.
Як піша aif.ru, 9 сакавіка Ларыса Галубкіна адзначыла юбілей – ёй споўнілася 85 гадоў. У кастрычніку 2024-га ў акторкі дыягнаставалі рэдкую хваробу Вальдэнстрэма – невылечнае злаякаснае захворванне сістэмы крыві. Яе здароўе пачало пагаршацца яшчэ ў 2019-м. А ўжо ў пачатку сакавіка сёлета акторка амаль не ўставала і ёй рабілі паліятыўную дапамогу.
Галубкіна дэбютавала ў кіно ў 1962 годзе ў камедыі Эльдара Разанава «Гусарская балада», дзе яна згуляла ролю Шурачкі Азаравай. Таксама яна вядомая ролямі ў фільмах «Дайце кнігу скаргаў», «Казка пра цара Салтана», «Троі ў лодцы, не лічачы сабакі», а таксама ў кінаэпапеі з пяці фільмаў «Вызваленне».
У 1977-м годзе Галубкіна выйшла замуж за вядомага актора Андрэя Міронава, стаўшы яго другой жонкай (ён удачарыў яе дачку ад першага шлюбу). Акторка ўспамінала, што адмаўляла Міронаву тройчы, і толькі на чацвёрты раз пагадзілася.