FT: Краіны Еўропы працуюць над планам замены ЗША ў NATO
11- 22.03.2025, 15:00
- 5,110

У абмеркаваннях бяруць удзел Брытанія, Францыя, Нямеччына і краіны Паўночнай Еўропы.
Найбуйнейшыя дзяржавы Еўропы распрацоўваюць планы паступовага ўзяцця на сябе большай адказнасці за абарону кантынента замест ЗША, паведамляе выданне Financial Times са спасылкай на словы чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў.
Паводле звестак выдання, гаворка ідзе і пра прапанову адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа наконт перадачы гэтых абавязкаў еўрапейскім дзяржавам цягам наступных пяці-дзесяці гадоў.
Паводле словаў чатырох суразмоўцаў, у абмеркаваннях бяруць удзел Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына і краіны Паўночнай Еўропы. Яны плануюць распрацаваць план перадачы фінансавага і вайсковага цяжару еўрапейскім сталіцам і прапанаваць яго ЗША перад штогадовым самітам лідараў NATO ў Гаазе ў чэрвені, адзначаюць журналісты.
Паводле ацэнак чыноўнікаў, для дасягнення ўзроўню, на якім можна будзе замяніць большасць ваенных магчымасцяў ЗША (за выключэннем ядзернага стрымлівання), спатрэбіцца 5–10 гадоў узмоцненых выдаткаў.
«Павелічэнне выдаткаў – гэта адзіная магчымая стратэгія: размеркаванне цяжару і памяншэнне залежнасці ад ЗША. Мы пачалі гэтыя перамовы, але задача настолькі маштабная, што многія адчуваюць сябе перагружанымі», – сказала адна з крыніцаў.
Чыноўнікі падкрэслілі: у Еўропе непакояцца, што Белы дом можа хутка скараціць колькасць войскаў або тэхнікі або зменшыць удзел ЗША ў супольных задачах NATO. Суразмоўцы ўказалі таксама на сталыя і рэгулярныя дыскусіі, якія вядуць Францыя і Вялікая Брытанія пра стварэнне «кааліцыі цвёрдых», як на індыкатар кірунку руху.
«Вам трэба дамовіцца з амерыканцамі, і незразумела, ці захочуць яны гэта зрабіць. Ці можаце вы ўвогуле давяраць ім?» – адзначыў адзін з чыноўнікаў.