ААН не ўключыла Беларусь у сусветны рэйтынг шчасця
15- 23.03.2025, 10:28
- 3,506

Самая шчаслівая краіна ў свеце - Фінляндыя.
ААН апублікавала чарговы даклад аб шчасці ў свеце, які ахоплівае 147 дзяржаў свету. Там няма Беларусі. У дакуменце World Happiness Report 2025 наша краіна не прадстаўленая ў асноўных табліцах з рэйтынгамі.
Сярод нашых суседзяў самыя шчаслівыя людзі жывуць у Літве - 16 месца. Польшча заняла 26-е месца, Латвія - 51-е, Расея - 66-е, а Украіна - 111-е месца.
Апошні раз Беларусь уключалася ў рэйтынг у 2019 годзе і знаходзілася на 75-м месцы. Найлепшай пазіцыяй краіны было 59-е месца.
У 2024 годзе на першых пазіцыях засталіся краіны Паўночнай Еўропы. Самая шчаслівая краіна ў свеце - Фінляндыя.
Што гэта за рэйтынг?
Метадалогія даследавання грунтуецца на звестках Gallup World Poll за 2022-2024 гады і World Risk Poll 2019 года. Асноўны паказчык – Cantril Ladder, дзе рэспандэнтам прапануецца ацаніць свой цяперашні стан на шкале ад 0 (найгоршае жыццё) да 10 (найлепшае жыццё).
Дадаткова аналізуюцца шэсць паказчыкаў дабрабыту, такіх як узровень даверу да паліцыі, гатоўнасць дапамагчы незнаёмцу, уцягнутасць у валанцёрства і дабрачыннасць.