«Дроны вось прама паміж дамоў падаюць»
8- 23.03.2025, 11:45
- 10,580

Карпянкоў прызнаўся, што расейскія дроны выбухаюць у Беларусі практычна кожны тыдзень.
У Беларусі практычна кожны тыдзень падаюць дроны, якія трэба размінаваць. Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю прэс-службе ўнутраных войскаў намеснік міністра ўнутраных спраў і камандзір унутраных войскаў Мікалай Карпянкоў.
Карпянкоў сказаў, што «вельмі часта ў прымежжы залятаюць да нас», кажучы аб працы падраздзяленняў у размінаванні. Ён думае, што «Бог ахоўвае Рэспубліку Беларусь».
«Вось колькі яны ў палях падалі - столькі яны выбухалі. Але колькі яны падалі ў населеных пунктах - Лойнікі, у Хоеве (маюцца на ўвазе Хойнікі і Лоеў. - Заўв. рэд.) - вы ведаеце, яны не выбухаюць. Яны вось проста паміж дамоў, вось, падаюць, на дарогу падаюць, да дома застаецца 50-60 метраў. І, вы ведаеце, яны не дэтануюць», - расказаў Карпянкоў.
«І вось немагчыма разабрацца ў гэтым дроне - у ім ёсць самаліквідатар, пастаўлены ён, атрымліваецца, на самазнішчэнне ў справаздачы ці не. Без чалавека гэта развязаць немагчыма. І ўсюды мясцовасць такая - дро не адправіш, нічога не зробіш», - дадаў ён.
Паводле ягоных слоў, да дрона сапёр у спецыяльным касцюме "падносіць рэнтген" і глядзіць, што знаходзіцца ўнутры корпуса — аскепкава-фугасны або тэрмабарычны набой. Пазней дроны адцягваюць і ўзрываюць.
Карпянкоў заявіў, што «нейкія дроны збіваюцца, а нейкія дроны залятаюць і мы потым іх разміноўваем, ну, гэта вайна, гэта наступствы таго, што адбываецца ў нашым паўднёвым прымежжы».
«Гэта адбываецца практычна кожны тыдзень», – паведаміў ён.
Чые гэта дроны Карпянкоў не ўказваў.
Як піша гомельскае выданне «Флагшток», люты стаў рэкордным у колькасці здарэнняў з расейскімі дронамі ў Беларусі. Падзенні дронаў фіксаваліся як мінімум у Хойніках, Малажыне, Мазырскім і Гомельскім раёнах і Гомелі. Улады звычайна ніяк не каментуюць такія здарэнні, а мясцовыя дзяржаўныя СМІ не пішуць пра такое - няма дазволу.