Беларусаў папярэдзілі аб «пасяўных» штрафах да 2100 рублёў
11- 23.03.2025, 14:46
- 14,630

У Гародні заклапаціліся «несвядомасцю» і «спакусамі».
У міліцыі Гародні звярнуліся да беларусаў з просьбай не праяўляць «несвядомасць» з пачаткам веснавых палявых работ. Там папярэдзілі, што ў некаторых выпадках на яе можа пагражаць штраф ад 10 да 50 базавых адзінак (420-2100 рублёў).
Размова ідзе аб крадзяжы і выкарыстанні афарбаванага паліва, якое пастаўляецца для пасяўной. Участковы інспектар міліцыі Ленінскага РАУС маёр міліцыі Аляксей Лукашык нагадаў, што ў Беларусі стартавала вясновая кампанія палявых работ.
«Звычайна яна пачынаецца з унясення ўгнаенняў. На палеткі выходзіць сельскагаспадарчая тэхніка. Практыка паказвае, што ў некаторых несвядомых механізатараў і кіроўцаў узнікае спакуса крадзяжу гаруча-змазачных матэрыялаў», - паскардзіўся ўчастковы.
І адразу нагадаў, што такія дзеянні кваліфікуюцца паводле артыкула 13.23 КоАП «Незаконнае абарачэнне нафтавага вадкага паліва ў Рэспубліцы Беларусь». Прычым размова ідзе не толькі аб самім крадзяжы, але і набыцці і захоўванні, не кажучы ўжо аб выкарыстанні або перапродажы.