28 сакавiка 2025, Пятніца, 10:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзям падабаецца, дзякуюць за пазітыў, хваляць рэпертуар»

12
«Людзям падабаецца, дзякуюць за пазітыў, хваляць рэпертуар»

Кандуктар з Магілёва расказаў пра свае канцэрты ў аўтобусе.

У TikTok вірусуецца ролік, зняты ў адным з тралейбусаў Магілёва. Мужчына з бэйджам кандуктара эмацыйна спявае «Белыя ружы» пад уключаны на тэлефоне мінус і відавочна не саромеецца камеры.

Пасажыры рэагуюць з усмешкай, але ўсё ж крыху насцярожана: ну, што рабіць, не прынята ў беларусаў весяліцца пры ўсіх нават у сонечны вясновы дзень. Ды яшчэ і ў форме працаўніка афіцыйнай установы. Кандуктар тым часам ззяе ўсмешкай і, прытанцоўваючы, ходзіць па салоне, піша «Анлайнер».

Невядома, што прымусіла мужчыну зладзіць спантанны сеанс караоке ў грамадскім транспарце. Але, мяркуючы з дзясяткаў каментароў мясцовых жыхароў, падобнае ён робіць не ўпершыню. Магіляўчане пішуць, маўляў, не раз ужо ездзілі з ім у адным салоне і кожны раз выходзілі на сваім прыпынку з прыўзнятым настроем, а яшчэ просяць аўтапарк выпісаць пазітыўнаму супрацоўніку прэмію.

«Нам бы ў Менск яго, а то ўсе кантралёры тут ходзяць панурыя», – напісаў хтосьці і такое. Што ж, чакаем на гастролях у «сотцы».

Праз некалькі дзён пасля таго, як ролік з кандуктарам, які спявае, разляцеўся ў сацсетках, мужчыну адшукалі журналісты выдання «Магілёў. Анлайн». Героя TikTok клічуць Віктар, яму 50 гадоў. Прадаваць квіткі пасажырам ён пачаў пару гадоў таму і спачатку, што дзіўна, нават саромеўся новай прафесіі – цяпер так і не скажаш.

– Пасля скарачэння з іншай працы трэба было за нешта жыць, неяк зарабляць. Пайшоў у кандуктары. Скажу шчыра: адразу было крыху сорамна, баяўся, што на мяне паглядзяць неяк не з таго боку, не так зразумеюць. Было некамфортна. Але затое цяпер я самы камфортны чалавек.

Наконт імправізаваных канцэртаў на працы, расказвае Віктар, прэтэнзій ад кіраўніцтва аўтапарку не было – наадварот, усе хваляць і падтрымліваюць. А вось ад пасажыраў негатыў часам сустракаецца. Але кандуктар рэагуе на яго спакойна: просяць выключыць музыку – выключае.

– Але такое бывае рэдка. Найчасцей людзям падабаецца, дзякуюць за пазітыў, хваляць рэпертуар. Вельмі многія пасажыры заходзяць у салон і адразу вітаюцца, пазнаюць. Ну не тое што пазнаюць, гэта мы проста сябруем усім горадам, калі так разабрацца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках