Францыя абвінаваціла РФ у нацэльванні на свае самалёты над Чорным і Балтыйскім морамі
4- 24.03.2025, 21:07
- 6,012

Падрабязнасці.
У Парыжы абвінавачваюць Расею ў наўмысным нацэльванні сістэмы СПА на французскія ваенныя самалёты, якія патрулявалі міжнародныя воды над Чорным і Балтыйскім морамі. Раней міністр абароны Францыі Себасцьен Лекарню паведаміў, што расейская сістэма ўзяла на прыцэл французскі самалёт у Чарнаморскім рэгіёне. Палкоўнік французскіх узброеных сілаў Жан-П'ер Гадзільер пазней удакладніў, што інцыдэнт адбыўся ў сярэдзіне лістапада 2024 года з самалётам назірання, які знаходзіўся ў міжнароднай прасторы. «Падчас радыёперамоваў расейцы накіравалі нам пагрозы. Перамовы былі асабліва агрэсіўнымі. Такога яшчэ не было», – сказаў Гадзільер. Паводле звестак дасведчаных крыніцаў AFP, расейскі бок наўпрост заяўляў, што «знішчыць» французскі самалёт.
Падобны інцыдэнт адбыўся 19 сакавіка, калі патрульны самалёт ВМС Францыі Atlantique 2, задзейнічаны ў аперацыі Baltic Watch, выконваў палёт над міжнароднай паветранай прасторай у Балтыйскім моры. Як паведамляе Bulgarian Military, нягледзячы на дзеянні Расеі, самалёт прадоўжыў выкананне місіі, якая ўключае маніторынг падводнай інфраструктуры Балтыйскага мора, не змяняючы курс і не рэагуючы на пагрозы.
Генеральны штаб Узброеных сілаў Францыі растлумачыў, што Расея выкарыстоўвае радар кіравання агнём, які адрозніваецца ад стандартных сістэмаў назірання. Звычайныя радары пасіўна адсочваюць паветраную прастору, у той час як радар кіравання агнём актыўна захоплівае цэль, перадаючы дакладныя звесткі ў сістэму ўзбраення для патэнцыйнага ўдару. «Такое мэтанакіраванае асвятленне паказвае на варожыя намеры, паколькі гэта апошні крок перад запускам ракеты», – падкрэслілі ў Генштабе.
Гэтыя інцыдэнты не адзінкавыя. 4 сакавіка беспілотнік французскіх ВПС і касмічных сілаў MQ-9A Reaper сутыкнуўся з агрэсіўнымі манеўрамі расейскага знішчальніка Су-35 ва ўсходняй частцы Міжземнага мора. Лекарню тады асудзіў дзеянні расейскага боку як «наўмысныя, непрафесійныя і агрэсіўныя», падкрэсліўшы, што Францыя не збіраецца адмаўляцца ад выканання сваіх місій у міжнародных зонах. У студзені французскі самалёт Atlantique 2 зазнаў нацэльванне з боку сістэмы З-400, размешчанай у Калінінградзе. Інцыдэнт адбыўся падчас місіі NATO, падчас якой праводзіўся маніторынг міжнародных водаў.
Паводле словаў Лекарню, Расея вяртаецца да «асабліва агрэсіўнай» тактыкі, якая нагадвае паводзіны Савецкага Саюза ў часы халоднай вайны. «Расейскія паводзіны ў 2024 годзе кардынальна адрозніваюцца ад таго, што мы назіралі да яе агрэсіі супраць Украіны. Гэта тлумачыцца цяжкасцямі, з якімі Расея сутыкаецца на полі бою», – заявіў міністр.
Французскія ВПС прадаўжаюць рэгулярна патруляваць усходні фланг NATO ў рамках стратэгіі ваеннага альянсу, накіраванай на ўзмацненне абароны. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе падобныя місіі сталі прыярытэтнымі для падтрымання бяспекі ў рэгіёне.