УСУ прасоўваюцца ў Белгародскай вобласці РФ
12- 24.03.2025, 21:16
- 27,466

Што вядома на гэты момант.
Украінскае войска разгортвае новую паспяховую аперацыю і прасоўваецца ўглыб Расеі. Расейскія вайскоўцы прапагандысты і Z-ваенкары змушаныя прызнаваць захоп украінскімі сіламі вёскі Дзямідаўка ў Белгародскай вобласці. Больш за тое, паралельна ўкраінскае войска вядзе штурм населенага пункта Папоўка, УСУ ўжо ў вёсцы, піша «Дыялог».
Прасоўванне УСУ пацвярджаюць не толькі ўкраінскія вайсковыя крыніцы, але і расейскія блогеры. Так, ваенкар Romanov Лайт апублікаваў здымак Дзямідаўкі з расейскага беспілотніка, адзначыўшы: «Дзямідаўка, Краснаяружскі раён, Белгародская вобласць». На фота відаць перамяшчэнне УСУ па занятай тэрыторыі.

Ваенны тэлеграм-канал «Рыбар» таксама паведаміў, што ўкраінскія падраздзяленні прадаўжаюць атакі ў Белгародскай вобласці: «Падраздзяленні ворага штораз атакуюць у раёне Дзямідаўкі, у памежжы грымяць баі». Пра штурм Папоўкі паведамляе ваенкар Раманаў і Z-канал «Арханёл спецназу».

Паводле звестак нямецкага выдання BILD, УСУ прадаўжаюць наступаць яшчэ на тры вёскі ў 10-кіламетровай памежнай зоне, рухаючыся на глыбіню ад 500 метраў да 2 кіламетраў ад расейскай мяжы. Крыніцы, блізкія да УСУ, паведамляюць, што мэтай аперацыі з'яўляецца стварэнне буфернай зоны на тэрыторыі Расеі для абароны Сумскай вобласці ад магчымых расейскіх нападаў.

Шматмесячнае адступленне ўкраінскага войска ў Курскай вобласці было толькі часткай плану. Ваенны аглядальнік BILD Юльян Рэпка адзначае: Украіна вывела адтуль большую частку сваіх сілаў, у тым ліку элітныя падраздзяленні, каб разгарнуць новы наступ на іншых адрэзках расейскай тэрыторыі.
У суседняй Курскай вобласці УСУ ўжо кантралююць 16-кіламетровую паласу ўздоўж мяжы, заходзячы на глыбіню да 3 кіламетраў на тэрыторыю Расеі. Цяпер такая тактыка ўжываецца і ў Белгародскай вобласці.
Аперацыя УСУ на тэрыторыі Расеі мае адразу некалькі ключавых значэнняў. Па-першае, яна дэманструе стратэгічную ініцыятыву Украіны і здольнасць пераносіць баявыя дзеянні на тэрыторыю ворага. Гэта мяняе псіхалагічны клімат не толькі на фронце, але і ўнутры самой Расеі: насельніцтва памежных рэгіёнаў пачынае адчуваць вайну не з навінаў, а на ўласнай зямлі, што падрывае давер да расейскіх уладаў і стварае ўнутранае напружанне.
Па-другое, стварэнне буфернай зоны на тэрыторыі Белгародскай і Курскай абласцей дазваляе Украіне абараніць свае памежныя рэгіёны, сярод іншага Сумскую вобласць, ад магчымых нападаў без неабходнасці весці знясільныя абарончыя баі на сваёй тэрыторыі. Гэта вызваляе рэсурсы, умацоўвае пазіцыі УСУ і паказвае, што Украіна гатовая да наступальных дзеянняў не толькі на Данбасе, але і на самым расейскім кірунку.