У Літве назвалі прычыну катастрофы самалёта DHL у Вільні
3- 26.03.2025, 14:04
- 7,608

Агучаная версія пракуратуры.
Грузавы самалёт кампаніі DHL мог разбіцца ў Вільні праз "чалавечую памылку". Пра гэта паведаміла 26 сакавіка пракуратура Літвы.
Падчас папярэдняга расследавання пракуратура Літвы звярнулася да кампетэнтных органаў Гішпаніі з просьбай правесці неабходныя следчыя дзеянні на падставе Еўрапейскага ордэра і выставіць падазрэнне пілоту самалёта, які знаходзіцца там на лячэнні, і дапытаць яго.
«Гэтая пастанова была прынятая ў мэтах правядзення ўважлівага расследавання абставін авіякатастрофы, якая, на падставе наяўных у цяперашні час звестак, меркавана была выкліканая чалавечай памылкай. Пасля аналізу і абагульнення праведзеных у Літве даследаванняў, агляду месца здарэння, запісаў бартавых самапісцаў самалёта і перамоў у кабіне экіпажа, а таксама іншых звестак, атрыманых падчас расследаванняў, было выяўлена, што авіякатастрофа, хутчэй за ўсё, адбылася праз адмову гідраўлічнай сістэмы, якая адказвае за выпуск закрылак. Іншыя версіі аварыі былі зняпраўджаныя звесткамі, атрыманымі падчас расследаванняў», - адзначылі ў пракуратуры.
Расследаванне крымінальнай справы паводле факту катастрофы самалёта працягваецца. Пацярпелымі ў ім прызнаныя 16 чалавек.
Нагадаем, раніцай 25 лістапада ў Вільні недалёка ад аэрапорта ў жылым сектары ўпаў і разбіўся самалёт нямецкай кампаніі DHL. На месцы здарэння ўзнік пажар. Паводле папярэдніх звестак, загінуў адзін з пілотаў самалёта. Пілот, які загінуў у авіякатастрофе ў Вільні, быў грамадзянінам Гішпаніі, на борце самалёта знаходзіліся яшчэ тры чалавекі — грамадзяне Гішпаніі, Літвы і Нямеччыны. Пацярпелыя праходзяць лячэнне ў шпіталях горада Вільня.