Адміністрацыя Трампа прыпыніла выдачу грын-карт
12- 26.03.2025, 20:02
- 8,646

Нават уцекачам, якія прайшлі ўхвалу.
У ЗША часова спынілі апрацоўку заявак на атрыманне грын-карт ад уцекачоў і асоб, якія атрымалі прытулак у краіне, у рамках узмацнення праверак мігрантаў, паведамляе RTVi са спасылкай на CBS News. Гэта пастанова - частка маштабнага ўзмацнення жорсткасці адпаведнай палітыкі, якая ўключае дэпартацыі, адкліканне часовых статусаў і дадатковы скрынінг сацсетак.
Са звестак CBS News, Служба грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS) атрымала ўказанне прыпыніць разгляд запытаў на сталае пражыванне ад гэтых катэгорый мігрантаў. Як растлумачылі ў Міністэрстве ўнутранай бяспекі (DHS), мера накіраваная на "дадатковыя праверкі для выяўлення патэнцыйнага махлярства, пагроз грамадскай бяспецы або нацыянальнай бяспекі" ў адпаведнасці з указамі Трампа, якія ён падпісаў адразу пасля сваёй інаўгурацыі.
Улады спасылаюцца на два выканаўчыя ўказы: адзін патрабуе «максімальна магчымай праверкі» ўсіх мігрантаў, якія ўязджаюць або ўжо знаходзяцца ў краіне, іншы дазваляе прызнаваць мексіканскія картэлі і групоўкі накшталт Tren de Aragua тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Уцекачы і прытулкі праходзяць шматэтапную праверку перад допускам у ЗША, уключаючы медагляды, размовы і фонавыя праверкі, якія займаюць гады. З моманту знаходжання ў Штатах і да атрымання грын-карты ўлады правяраюць, ці няма ў заяўнікаў судзімасцяў ці чагосьці яшчэ, што можа пазбавіць іх права на атрыманне статусу законнага сталага жыхара.
Аднак зараз іх чакае паўторны скрынінг, уключаючы магчымую праверку сацыяльных сетак. Лора Колінз з Інстытута Джорджа Буша-малодшага нагадала ў гутарцы з NBC Los Angeles, што пры першым прэзідэнцкім тэрміне Дональда Трампа USCIS патрабавала ідэальнага запаўнення формаў, аж да прабелаў і літар: "Калі ў вас не было другога імя, анкету вярталі".
Паралельна адміністрацыя адклікае часовы статус у больш як 500 тысяч мігрантаў з Кубы, Гаіці, Нікарагуа і Венесуэлы, якія прыбылі паводле праграмы гуманітарнага пароля за Джо Байдэнам. Ім далі 30 дзён на добраахвотны выезд пад пагрозай дэпартацыі. Трамп таксама адмовіўся працягваць "Часовы абаронены статус" (TPS) для венесуэльцаў і гаіцян, што закране сотні тысяч чалавек.
Раней, у лютым, улады ўжо прыпынялі разгляд заявак ад выхадцаў з Лацінскай Амерыкі і Украіны, якія прыбылі паводле аналагічных праграм. У DHS заявілі, што гэтыя мігранты былі "павярхоўна правераны" за Байдэнам, а праграмы "пакутавалі ад махлярства".
Акрамя таго, USCIS робіць больш жорсткай праверку сацсетак для сушукальнікаў грамадзянства, грын-карт і прытулку. Хоць маніторынг сацыяльных медыяў выкарыстоўваўся і раней, цяпер заяўнікі абавязаны самі даваць старонкі для аналізу.
Экспэрты паказваюць, што падобныя меры ў мінулым прыводзілі да крызісу ў USCIS: з-за скарачэння колькасці зваротаў і росту выдаткаў на праверкі ў 2020 годзе агенцтва сутыкнулася з дэфіцытам у 1,2 млрд даляраў.
"Запавольваючы апрацоўку заявак, USCIS страчвае даходы ад мыт, што скарачае штат і падрадчыкаў", – тлумачыць Колінз.
Нягледзячы на гэта, адміністрацыя працягвае скарачаць нелегальныя перасячэнні мяжы: у лютым затрыманні на паўднёвай мяжы ўпалі да 8500 - мінімуму за дзесяцігоддзі. Аднак тэмпы дэпартацый пасля гучных рэйдаў у пачатку тэрміну замарудзіліся, а абодва ўказы Трампа цяпер аспрэчваюцца ў федэральным судзе.
Пакуль не зразумела, як доўга працягнецца прыпыненне, і якія менавіта праверкі будуць праводзіцца.