31 сакавiка 2025, панядзелак, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узровень даверу ўкраінцаў да Зяленскага вырас да 69%

9
Узровень даверу ўкраінцаў да Зяленскага вырас да 69%

Сацыёлаг растлумачыў прычыну росту рэйтынгу прэзідэнта Украіны.

Узровень даверу ўкраінцаў да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага вырас да 69%. Пра гэта сведчыць усеўкраінскае апытанне Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС), вынікі якога былі апублікаваныя 27 сакавіка.

Не давяраюць Зяленскаму 28% апытаных, яшчэ 3% не вызначыліся.

У параўнанні з вынікамі апытання КМІС у перыяд з 14 лютага да 4 сакавіка ўзровень даверу да прэзідэнта Украіны вырас яшчэ на два адсоткавыя пункты.

На думку выканальнага дырэктара КМІС Антона Грушэцкага, высокі давер да Зяленскага перш за ўсё абумоўлены ўспрыманнем яго «як прэзідэнта і выразніка інтарэсаў Украіны і ўкраінцаў» і ў меншай ступені гаворка можа ісці пра сімпатыі на асобасным узроўні, як да чалавека ці палітыка.

«Украінцы ўсведамляюць экзістэнцыйную пагрозу з боку Расеі і расейцаў, і сам супраціў бязлітаснаму ворагу з'яўляецца прыярытэтам», – сказаў ён.

Найбольшы давер да Зяленскага выказалі ў цэнтры Украіны, а самы вялікі недавер – на захадзе.

Сацыялагічнае даследаванне праводзілася з 12 да 22 сакавіка метадам тэлефонных інтэрв'ю на аснове выпадковай выбаркі мабільных нумароў ва ўсіх падкантрольных украінскім уладам рэгіёнах. Апыталі 1326 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў. Статыстычная хібнасць выбаркі не перавышае 3,5%.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках