Панама скасуе рэгістрацыю 128 танкераў, звязаных з Расеяй
- 27.03.2025, 20:48
- 4,098

Праз санкцыі ЗША.
Улады Панамы маюць намер ануляваць рэгістрацыю 128 караблёў, якія ходзяць пад сцягам краіны, пасля таго як яны падпалі пад санкцыі ЗША, уведзеныя на фоне вайны Расеі супраць Украіны, паведаміла ў чацвер, 27 сакавіка, агенцтва Bloomberg са спасылкай на заяву кіраўніка гандлёвага флоту пры Марской управе Панамы Рамона Франка. Паводле словаў Франка, не менш як 70 танкераў ужо выключаныя з рэестра, у найбліжэйшы час будуць выдаленыя яшчэ дзясяткі.
На стан лютага агульная колькасць расейскіх танкераў, унесеных у санкцыйныя спісы, перавысіла 270. Пад абмежаванні, паводле звестак S&P Global, трапілі караблі, якія вазілі палову марскога экспарту нафты з Расеі, або 1,5 млн бараляў за дзень: блізу 1 млн – у Кітай і блізу 500 тысячаў – у Індыю. Адміністрацыя былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пад канец свайго тэрміну ўвяла санкцыі супраць 183 танкераў, якія перавозілі расейскую нафту, дзясяткаў трэйдараў, а таксама страхавых кампаній.
Пастанова Панамы звязаная не толькі з палітычнай пазіцыяй, але і з рэформамі, прынятымі ў кастрычніку 2023 г., якія значна паскорылі працэдуру выключэння караблёў з рэестра. Калі раней гэты працэс займаў да паўгода, то цяпер ён скарочаны да аднаго месяца. Адмова ад рэгістрацыі падсанкцыйных караблёў прывядзе да страты да 2 млн даляраў прыбытку. Але Панама дэманструе гатоўнасць выконваць санкцыі, зазначае Bloomberg.
У рэестры Панамы значыцца больш за 8000 караблёў, доўгі час гэтая краіна займала пазіцыі лідара як зручнае месца для атрымання сцяга для караблёў. Аднак ва ўмовах узмацнення жорсткасці санкцый супраць энэргетычных галінаў Расеі і Ірана ўвага да караблёў з гэтых дзяржаваў узмацнілася. Некаторыя з іх ужо змянілі краіну рэгістрацыі, перайшоўшы ў юрысдыкцыі з мякчэйшымі правіламі, іншыя выходзяць у мора без сцяга.
На мінулым тыдні стала вядома, што Нямеччына канфіскавала танкер Eventin з расейскай нафтай. На борце карабля, які хадзіў пад сцягам Панамы, знаходзілася 100 тысячаў тонаў нафты. Карабель Eventin страціў кіраванне ў сярэдзіне студзеня ў Балтыйскім моры, і яго ўзялі на буксір тры нямецкія караблі. У канцы лютага Eventin уключылі ў санкцыйны спіс Еўразвязу як частку «ценевага флоту» Расеі.