Заходнія войскі для Украіны: Зяленскі заявіў пра тэрміновую сустрэчу прадстаўнікоў генштабоў
- 28.03.2025, 21:48
- 2,690

Пасля вайскоўцаў сустрэнуцца дарадцы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі.
Прадстаўнікі генеральных штабоў Украіны і дзяржаваў-партнёрак будуць сустракацца ў вузкім коле датычна размяшчэння ваенных кантынгентаў ва Украіне пасля заканчэння вайны. Пра гэта паводле вынікаў сустрэчы «кааліцыі ахвотных» у Парыжы паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу.
– Мы дамовіліся тэрмінова, на гэта даем тыдзень, правесці сустрэчу ва Украіне ў вузкім коле прадстаўнікоў генштабоў асноўных краінаў, якія цалкам будуць гатовыя да [размяшчэння свайго ваеннага] кантынгенту на тэрыторыі Украіны... Не ўсе яны прыедуць, мы запрашаем вузкае кола, – расказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Паводле словаў Зяленскага, на сустрэчы дакладна будуць прадстаўнікі Украіны, Францыі і Брытаніі: «Гэта, скажам так, такі трыкутнік у гэтым пытанні».
«Мы пакажам нашу інфраструктуру, папрацуем з партнёрамі, прапрацуем нашу агульную візію», – растлумачыў украінскі лідар.
Таксама, дадаў прэзідэнт Украіны, бакі дамовіліся, што адразу пасля гэтага адбудзецца сустрэча на ўзроўні дарадцаў у пытаннях нацыянальнай бяспекі і прадоўжыцца «менавіта гэтая выніковая сустрэча пра гарантыі бяспекі».
Ва Украіне юрыдычна няма пасады такога дарадцы, але фактычна гэтыя функцыі выконвае кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.