2 красавiка 2025, Серада, 2:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія «зялёныя» западозрылі наяўнасць «сяброў Пуціна» ў ХДС

3
Нямецкія «зялёныя» западозрылі наяўнасць «сяброў Пуціна» ў ХДС

Яны не павінны адыгрываць ніякай ролі ў кааліцыйных перамовах у ФРГ.

Сустаршыня фракцыі «Саюза-90»/«зялёных» у нямецкім бундэстагу Брыта Хасельман (Britta Haßelmann) рэзка раскрытыкавала выказванні прэм'ер-міністра федэральнай зямлі Саксонія Міхаэля Крэчмера (Michael Kretschmer) аб магчымасці змякчэння санкцый супраць Расеі, піша «Немецкая волна» .

«У той час як Пуцін працягвае бамбаваць Украіну, прэм'ер-міністр Крэчмер зноў падлабуньваецца да вайсковых злачынцаў», - заявіла Хасельман у інтэрв'ю агенцтву dpa у нядзелю, 30 сакавіка.

Адначасова яна заклікала старшыню Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Фрыдрыха Мэрца (Friedrich Merz) «як мага хутчэй ліквідаваць прарасейскія сувязі» ў яго партыі.

Крэчмер: «Рэжым санкцый цалкам састарэлы»

Раней Міхаэль Крэчмер, які займае пасаду намесніка старшыні ХДС, у інтэрв'ю dpa раскрытыкаваў катэгарычную адмову Нямеччыны і іншых еўрапейскіх краін ад змякчэння санкцыйнага рэжыму супраць Расеі. «Гэта цалкам састарэла і зусім не адпавядае таму, што зараз робяць амерыканцы. Калі становіцца зразумела, што санкцыі прычыняюць больш шкоды нам самім, чым супраціўніку, то варта задумацца, ці сапраўды ўсё зроблена правільна», - сказаў ён.

Каментуючы гэтае выказванне, Брыта Хасельман падкрэсліла, што змякчэнне санкцый, уведзеных у адказ на расейскі напад на Украіну, было б сур'ёзнай памылкай. «У выніку мы адхіліліся б ад агульнага курса Еўропы», - растлумачыла яна.

«Адмяжоўвацца ад прарасейскіх заяваў»

Сустаршыня фракцыі «зялёных» заклікала кіраўніцтва ХДС адмежавацца ад заяваў, падобных да тых, якія зрабіў Крэчмер. З яе слоў, «сябры Пуціна», такія як прэм'ер-міністр Саксоніі Міхаэль Крэчмер, дэпутат бундэстага ад ХДС Томас Барайс (Thomas Bareiß), а таксама намеснік кіраўніка фракцыі ХДС у ландтагу Паўночнага Рэйна - Вестфаліі Ян Хайніш (Jan Heinisch) і іх прарасейскі курс не павінны граць ніякай ролі ў перамовах аб фармаванні кіроўнай кааліцыі ў Нямеччыне.

«Фрыдрых Мэрц і кіраўніцтва ХДС больш не могуць хавацца і павінны нарэшце заняць ясную пазіцыю наконт адраджэння прарасейскіх настрояў у гэтай партыі. Час замоўчваць гэтае пытанне прайшоў», - падкрэсліла Хасельман.

Крэчмер і Мэрц уваходзяць у лік прадстаўнікоў ХДС, якія вядуць кааліцыйныя перамовы з сацыял-дэмакратамі. Барайс і Хайніш таксама задзейнічаны ў працоўных групах: Барайс курыруе пытанні інфраструктуры, а Хайніш - энэргетыку. Абодва на фоне перамоў зрабілі шэраг рэзанансных заяў аб Расеі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках