The Times: Пуціну неабходная вайна, і Трамп мог гэта зразумець
14- 30.03.2025, 12:37
- 11,602

Гэта можа растлумачыць яшчэ больш рабаўніцкія патрабаванні, якія Трамп выставіў Украіне.
Папулярнасць расейскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна заўсёды падганялася вайной. Менавіта вайна стала палітычнай неабходнасцю і для яго, і для мільёнаў ягоных людзей, піша брытанская газета The Times.
У выданні выказалі здагадку, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мог нарэшце зразумець, што Пуцін нават аддалена не зацікаўлены ў заканчэнні вайны з Украінай, прынамсі, пакуль не будуць дасягнутыя ўсе яго першапачатковыя мэты.
Адзначаецца, што гэтае ўсведамленне можа растлумачыць яшчэ больш рабаўніцкія патрабаванні, якія Трамп выставіў Украіне - перадаць кантроль над яе прыроднымі рэсурсамі і выплаціць 100 мільярдаў даляраў запазычанасці за раней нададзеныя паслугі.
«Адзінае, чаго Трамп менш за ўсё хоча, - гэта пасварыцца з Пуціным, якім ён глыбока захапляецца…Для яго важна мець магчымасць абвінаваціць прэзідэнта Зяленскага, калі ўгода не будзе ўкладзеная. Таму зрабіць непрымальную «прапанову» - гэта адзін са спосабаў гарантаваць, што ўсякая няўдача будзе ўскладзеная на Украіну, а не на Расею ці на самога Трампа», - гаворыцца ў публікацыі.
Нагадваецца, што Пуцін метадычна імкнуўся аднавіць гэты савецкі менталітэт, пачынаючы з дзяцей. Напрыклад, у ліпені 2000 года была прынятая Пастанова №551 «Аб вайскова-патрыятычнай моладзі і дзіцячых аб'яднаннях», і зараз федэральнае агенцтва ў справах моладзі РФ курыруе амаль 36 000 вайскова-патрыятычных клубаў. А ў чэрвені 2022 года Пуцін падчас выступу перад моладдзю выклаў сваю стратэгію пераймання Пятра Вялікага. У сваёй прамове ён падвёў да таго, што мэты РФ захопніцкія:
«З незапамятных часоў славяне жылі там разам з фіна-вугорскімі народамі, і гэтая тэрыторыя знаходзілася пад кантролем Расеі. Тое ж самае тычыцца заходняга кірунку, [асады] Нарвы і яго першых паходаў... Ён вяртаўся і ўмацоўваў...І калі мы будзем зыходзіць з таго, што гэтыя асноўныя каштоўнасці складаюць аснову нашага існавання, мы, безумоўна, дасягнем нашых мэт».
Нарва з'яўляецца часткай Эстоніі, і гэтая прамова выклікала там замяшанне, адзначылі ў выданні.
Пры гэтым у публікацыі акцэнтавалі, што пакуль Трамп і Пуцін спрабуюць падзяліць сусветныя прыродныя рэсурсы, нібы «мафіёзныя босы», брытанскі ўрад заяўляе, што «свет змяніўся», - але не дэманструе ніякіх прыкмет усведамлення, што гэта значыць.