ЗША прыпынілі вайсковую дапамогу Украіне
93- 4.03.2025, 8:02
- 21,120

Пастанову прыняў асабіста Дональд Трамп.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў пастанову аб прыпыненні вайсковай дапамогі Украіне пасля напружанай размовы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Вашынгтон адзначае, што партнёры павінны "падзяляць імкненне Трампа да міру".
Пра гэта паведамляе CNN.
Як зазначае выданне, інфармацыю афіцыйна пацвердзіў прадстаўнік Белага дома ўночы 4 сакавіка (паводле амерыканскага часу).
«Прэзідэнт дакладна даў зразумець, што ён засяроджаны на міры. Нам трэба, каб нашы партнёры таксама былі адданыя гэтай мэце. Мы прыпыняем і пераглядаем дапамогу, каб пераканацца, што яна спрыяе развязанню канфлікту», - заявіў прадстаўнік адміністрацыі ЗША.
Раней Bloomberg са спасылкай на крыніцу ў Пентагоне паведаміла, што Трамп распарадзіўся спыніць усе пастаўкі амерыканскай вайсковай дапамогі Украіне, якія яшчэ не знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Загад міністру абароны ЗША Піту Хегсэту быў аддадзены асабіста прэзідэнтам.
Прыпыненне закране як зброю, якая транспартуецца самалётамі і караблямі, так і ўзбраенне, якое знаходзіцца ў транзітных зонах у Польшчы.