Вярхоўная Рада Украіны апублікавала зварот да Трампа
29- 4.03.2025, 9:37
- 17,126

А таксама да Кангрэса і амерыканскага народа.
Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна звярнулася да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Кангрэса і амерыканскага народа, выказаўшы падзяку за падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Украіны.
Зварот апублікаваны на англійскай мове на афіцыйным сайце парламента.
У тэксце зазначаецца, што дапамога ЗША адыграла вызначальную ролю ў стабілізацыі сітуацыі на фронце і ўмацаванні бяспекі Украіны ў самы складаны перыяд яе гісторыі.
"Ад імя ўкраінскага народа Вярхоўная Рада Украіны выказвае глыбокую падзяку прэзідэнту Дональду Трампу, Кангрэсу ЗША і амерыканскаму народу за цвёрдую і паслядоўную падтрымку незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за пакеты бяспекі дапамогі, якія спрыялі стабілізацыі сітуацыі на лініі фронту", - гаворыцца ў паведамленні.
Парламент адзначыў, што лідарства ЗША на міжнароднай арэне непарыўна звязана з абаронай свабоды і дэмакратыі, захаваннем міжнародных пагадненняў і надзейнасцю ў стасунках з хаўруснікамі.
У тэксце звароту Вярхоўная Рада прывітала ініцыятывы Дональда Трампа аб пачатку перагаворнага працэсу для ўстанаўлення міру. Таксама адзначаецца важнасць развіцця стратэгічнага партнёрства паміж Украінай і ЗША, у сферы здабычы крытычна важных карысных выкапняў.
"Мы верым, што асабістая роля прэзідэнта Дональда Трампа і яго міратворчыя намаганні будуць мець вызначальнае значэнне для больш хуткага спынення баявых дзеянняў і дасягнення міру ва Украіне, Еўропе і ў свеце", - гаворыцца ў заяве.
У канцы парламент пацвердзіў, што Украіна будзе заставацца незалежнай дзяржавай, а ўкраінскі народ - няскораным.