Беларусам дазволілі перасякаць мяжу з Польшчай без удзелу памежнікаў
5- 4.03.2025, 16:33
- 9,420

У пункце пропуску «Брэст» пачаліся выпрабаванні новай сістэмы.
На беларуска-польскай мяжы, у пункце пропуску «Брэст», пачаліся выпрабаванні новай сістэмы - аўтаматычны комплекс пагранічнага кантролю. Ён дазволіць грамадзянам з біяметрычнымі пашпартамі праходзіць памежны кантроль без удзелу памежніка.
Неабходнасць укаранення такой сістэмы, як адзначыў афіцыйны прадстаўнік Берасцейскай пагранічнай групы Сяргей Дзмітрыеў, звязаная з тым, што «Брэст» — адзіны дзейны на гэты момант аўтамабільны пасажырскі пункт пропуску на ўсёй беларуска-польскай мяжы. Раней аналагічны комплекс паспяхова прайшоў праверку ў менскім аэрапорце, паведаміла агенцтва БелТА.

Аўтаматычныя кабіны пагранкантролю працуюць у Берасці блізу тыдня. Два тэрміналы ўсталяваныя ў зале афармлення і даступныя для грамадзян Беларусі, старэйшых за 18 гадоў, якія выязджаюць з краіны і маюць біяметрычныя пашпарты.
Начальнік аддзялення памежнага кантролю «Варшаўскі мост» Дзмітрый Брыштэль апісаў працэдуру: «Грамадзяне падаюць свае біяметрычныя дакументы, рэгіструюцца, пакідаюць біяметрычныя звесткі, затым ідуць на пэўны канал афармлення, выдзелены для праходжання ў аўтаматычным рэжыме. Зрахаваўшы звесткі, праходзяць для пасадкі ў свой транспартны сродак».
Памежнікі падкрэслілі, што праходжанне кантролю праз аўтаматычны комплекс - гэта права, а не абавязак. Беларусы па-ранейшаму могуць выбраць традыцыйны спосаб афармлення.