Лукашэнка ратыфікаваў закон аб узаемных гарантыях бяспекі з Расеяй
23- 4.03.2025, 19:34
- 4,164

Ён прадугледжвае размяшчэнне расейскіх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі.
Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй аб гарантыях бяспекі ў рамках саюзнай дзяржавы», паведамляе прэс-служба ўзурпатара.
Адзначаецца, што ў дамове замацаваныя ўзаемныя гарантыі ажыццяўлення неабходных захадаў у выпадку замахаў на бяспеку Беларусі і Расеі, а таксама «саюзнай дзяржавы» ў цэлым.
«Выкананне абавязальніцтваў прадугледжвае калектыўнае процідзеянне аднабаковым абмежавальным захадам эканамічнага і іншага характару, выкарыстанне бакамі патэнцыялу сваіх стасункаў з іншымі дзяржавамі і іншымі суб'ектамі міжнароднага права для прадухілення замахаў на бяспеку, ужыванне захадаў у адказ не толькі на здзейсненыя акты агрэсіі, але і на пагрозы іх здзяйснення, а таксама неадкладную неабходную ваенную, ваенна-тэхнічную ды іншую дапамогу», – гаворыцца ў паведамленні.
Дамова была падпісаная Лукашэнкам і Пуціным у снежні 2024 года. Яна прадугледжвае размяшчэнне расейскіх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі. Таксама ў ёй змяшчаюцца палажэнні аб ужыванні ядзернай зброі.
28 лютага аналагічны закон аб ратыфікацыі дамовы падпісаў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін.