Прэм'ер Францыі заклікаў еўрапейскіх лідараў супольна замясціць дапамогу ЗША Украіне
3- 4.03.2025, 23:56
- 2,656

Франсуа Байру адзначыў, што Еўропе трэба перагледзець прыярытэты.
Прэм'ер-міністр Францыі Франсуа Байру заявіў, што Францыя і Еўропа павінны «аб'яднаць усе магчымыя сродкі, каб максімальна замяніць» амерыканскую ваенную дапамогу Украіне, прыпыненую адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа.
Пра гэта ў аўторак, 4 сакавіка, паведамляе Le Monde.
«Пастаўкі амерыканскай дапамогі падыходзяць да канца, паколькі цэлыя цягнікі, якія былі загружаныя для Украіны, былі спыненыя і не змаглі дабрацца да месца прызначэння», – заявіў кіраўнік ураду на Нацыянальным сходзе.
Ён адзначыў, што Украіне патрэбныя боепрыпасы, «пэўная колькасць выведных сістэмаў» і доступ да «сетак і сувязі».
«Гэта прымусіць нас пераасэнсаваць нашу мадэль, нашы прыярытэты і па-іншаму паглядзець на свет, які мы думалі, што ведаем, і які, як мы выявілі, з'яўляецца больш небяспечным, чым мы сабе ўяўлялі, і паходзіць ад тых, каго мы ўважалі за нашых хаўруснікаў», – падкрэсліў Байру.