Трудо: Дональд, ты вельмі разумны хлопец, але гэта вельмі дурны ўчынак
25- 4.03.2025, 20:48
- 19,634

Прэм'ер Канады звярнуўся да прэзідэнта ЗША.
Прэм'ер Канады Джасцін Трудо звярнуўся да амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа пасля ўвядзення ім 25-адсоткавых мытаў у дачыненні да Атавы.
«Я не прывык згаджацца з Wall Street Journal, але Дональд, яны адзначаюць, што хоць ты і вельмі разумны хлопец, гэта вельмі дурны ўчынак», – цытуе яго CBC.
ЗША пачалі гандлёвую вайну супраць свайго самага блізкага сябра, зазначыў кіраўнік канадскага ўраду, паабяцаўшы, што Атава будзе змагацца.
Трудо таксама ўважае ўвядзенне амерыканскіх мытаў за частку плана Трампа «анэксіі Канады», бо яны накіраваныя на паслабленне краіны. Але, як запэўніў прэм'ер, «гэтага ніколі не адбудзецца». Пры гэтым ён папярэдзіў канадцаў, што пасля ўвядзення тарыфаў ім будзе цяжка, паколькі абмежаванні прывядуць да страты працоўных месцаў.
На прэс-канферэнцыі Трудо сказаў, што няма «абсалютна ніякага апраўдання або неабходнасці» для мытаў, якія ЗША наклалі на Канаду, і якія пачалі дзеянне сёння.
«Злучаныя Штаты пачалі гандлёвую вайну супраць Канады, сваёй найбліжэйшай партнёркі і хаўрусніцы, сваёй найбліжэйшай сяброўкі. Адначасова яны кажуць пра пазітыўнае супрацоўніцтва з Расеяй, патураючы Уладзіміру Пуціну, лжываму, забойнаму дыктатару», – падкрэсліў прэм'ер-міністр на выступе ў Атаве.