5 сакавiка 2025, Серада, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі бюджэт затрашчаў на швах

3
Расейскі бюджэт затрашчаў на швах

Урад РФ папярэдзіў пра вялікія страты прыбыткаў праз «развітальныя» санкцыі Байдэна.

Дэфіцыт расейскага бюджэту ў 2025 годзе можа перавысіць запланаваныя ўзроўні, папярэдзіў у аўторак намеснік міністра фінансаў РФ Уладзімір Колычаў. Паводле ягоных словаў, «дзірка» ў казне можа быць большай, чым чакалася, на велічыню да 1% ВУП, што адпавядае блізу 2 трлн рублёў у грашовым выразе, паведамляе The Moscow Times.

Рост дэфіцыту, як удакладніў Колычаў, звязаны з коштамі нафты, якія не дасягаюць значэнняў, на якія спадзяваўся урад. «У бюджэце закладзена $70 за бараль, цяпер мы бачым бліжэй да $60, адпаведна, калі гэты ўзровень захаваецца – бліжэй да $60, то дэфіцыт будзе большы», – цытуе намеснік міністра «Інтэрфакс».

Расейская нафта таннее ўслед за сусветнымі каціроўкамі, на якія ціснуць пастанова АПЕК+ павялічыць здабычу, а таксама санкцыі адміністрацыі Джо Байдэна, якія вымушаюць расейскіх нафтавікоў павялічваць зніжкі на свае баралі. На гандлі ў аўторак паўночнаморскі гатунак Brent патаннеў да $69,9 за бараль, самага нізкага ўзроўню амаль за паўгода, а ў сярэдзіне студзеня страціў у кошце амаль 15%.

Расейская марка Urals, паводле звестак Bloomberg, у канцы мінулага тыдня прадавалася за $ 57,97 за бараль у балтыйскім порце Прыморск і да $ 58,32 у Наварасейску. Абодва паказнікі сталі самымі нізкімі з верасня.

Летась, паводле звестак Мінфіна, расейская казна сабрала 11,13 трлн рублёў падаткаў з нафтагазавых кампаній. У параўнанні з 2023 годам іх аб'ём вырас на 26%, аднак плану не дасягнуў: першапачаткова ў бюджэт закладвалі 11,5 трлн рублёў.

У бюджэт-2025 улады заклалі 10,94 трлн рублёў нафтагазавых збораў і паводле вынікаў студзеня зрабілі справаздачу пра атрыманне 783 млрд рублёў. Хоць год да году паступленні ад нафты і газу выраслі на 17%, зборы непасрэдна нафтавых падаткаў другі месяц запар апынуліся блізу гадавога мінімуму – 572,6 млрд рублёў.

Праз «развітальныя» санкцыі Байдэна, пад якія патрапілі «Сургутнафтагаз» і «Газпрам нафта», а таксама больш за 180 танкераў «ценевага флоту», расейская эканоміка можа страціць ад 10% да 20% валютнай выручкі за продаж нафты, або $10–20 млрд, прагназаваў раней Яніс Клюге, навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута проблемаў міжнароднай бяспекі.

«Развітальныя» санкцыі Байдэна, на думку Клюге, сталі, мабыць, самымі жорсткімі за ўвесь час: акрамя нафты і танкераў пад абмежаванні патрапілі два ключавыя для Расеі нафтаперапрацоўчыя заводы (Омскі і Маскоўскі), аператар флагманскага праекту «Раснафты», «Усход Ойл» («Ванкор Ойл»), структуры праекту «Балтыйскі ЗПГ», два ЗПГ-заводы «Газпрама» на Балтыцы, 30 нафтасэрвісных кампаній, а таксама 6 топ-мэнэджараў расейскай нафтагазавай галіны.

Колькасць караблёў «ценевага флоту» пад заходнімі абмежаваннямі перавысіла 270. У «чорных спісах», паводле звестак S&P Global, танкеры, якія вазілі палову марскога экспарту нафты з Расеі, або 1,5 млн бараляў за дзень – блізу 1 млн у Кітай і блізу 500 тысячаў – у Індыю.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках