ЗША адпрэчылі план Егіпта па аднаўленні сектара Газа
- 5.03.2025, 19:38
- 5,726

План Егіпта ўжо адобрыла Ліга арабскіх дзяржаў.
ЗША і Ізраіль у сераду, 5 сакавіка, адпрэчылі план Егіпта па аднаўленні сектара Газа, рэзка раскрытыкаваўшы яго.
На заяву Вашынгтона, гэты план не ўлічвае факта непрыдатнасці сектара Газа для жыцця.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп па-ранейшаму мяркуе, што аднаўленне рэгіёна павінна ажыццяўляцца без групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Еўразвязе, і мае намер працягваць кансультацыі ў гэтым пытанні.
Напярэдадні план Егіпта быў ухвалены Лігай арабскіх дзяржаў (ЛАД). План Каіра разлічаны на пяць гадоў і прадугледжвае выдаткі на суму 53 млрд даляраў. Цягам гэтага пяцігадовага перыяду сектарам Газа павінны кіраваць тэхнакраты, а ў самім сектары і на Заходнім беразе ракі Ярдан - размешчаныя міратворцы. Акрамя таго, цягам гэтага тэрміну павінна быць створаная дзяржава палестынскіх арабаў.
МЗС Ізраіля таксама раскрытыкавала план Егіпта. У ведамстве заявілі, што прынятая ЛАД дэкларацыя не ўлічвае рэальнасці, якая склалася пасля 7 кастрычніка 2023 года, калі Ізраіль зазнаў масаваны напад з боку ХАМАС. «У дэкларацыі не згадваецца напад палестынскіх груповак на поўдзень Ізраіля і няма асуджэння джыхадыстаў. Сёння ў жыхароў Газы ёсць шанец на лепшае жыццё, дзякуючы ініцыятыве ЗША. Гэта варта падтрымаць», - гаворыцца ў заяве ізраільскага МЗС.
ХАМАС прывітаў у егіпецкім плане толькі тую частку, дзе адхіляецца патрабаванне ЗША аб высяленні жыхароў сектара Газа. Прэзідэнт ЗША Трамп з першых дзён свайго новага прэзідэнцкага тэрміна неаднаразова выказваў прапанову, каб палестынцаў з сектара Газа прынялі арабскія краіны, такія як Егіпет і Ярданія.
Егіпет і іншыя арабскія дзяржавы выступаюць супраць усякіх спроб выселіць палестынцаў за межы іх тэрыторый. Яны асцерагаюцца, што ўсякае масавае перамяшчэнне палестынцаў толькі мацней падарве перспектывы ўрэгулявання араба-ізраільскага канфлікту на аснове канцэпцыі мірнага суіснавання дзвюх дзяржаў - ізраільскай і палестынскай.