Першая сёлета навальніца прагрымела ў Віцебску
2- 5.03.2025, 20:41
- 2,370

Яна суправаджалася злівай, грымотамі, маланкамі і градам.
Першая сёлета навальніца прагрымела ў Віцебску 4 сакавіка. Яна прайшла блізу 23-й гадзіны і суправаджалася залевай, грымотамі, маланкамі і градам дыяметрам 6 мм.
Такую самую карціну зафіксавалі і на метэаралагічнай станцыі Езярышчы ў Гарадоцкім раёне.
Сіноптыкі тлумачаць навальніцу анамальна цёплым надвор'ем на Віцебшчыне, паколькі звычайна навальніцы характэрныя для летняга часу. Цяпер жа сярэднесутачная тэмпература перавышае норму на 6 градусаў, кажа кіраўніца аддзела «Віцебскаблгідрамета» Наталля Байдук.
«Прычына сакавіцкай навальніцы – у высокай няўстойлівасці ў атмасферы, звязанай з праходжаннем халоднага атмасфернага фронту, які прыйшоў на тэрыторыю нашай краіны з Прыбалтыкі», – дадае спецыялістка.
Дарэчы, з 1936 года сакавіцкія навальніцы ў Беларусі фіксавалі ўсяго дзесяць разоў. Прычым за гэтыя ж 89 гадоў было зафіксавана 55 выпадкаў навальніцы ў красавіку, а ў траўні – 295. Абсалютным рэкардсмэнам у навальніцах метэаролагі называюць ліпень – 568 навальніцаў.