6 сакавiка 2025, Чацвер, 16:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: З гэтым давядзецца лічыцца і Пуціну, і Трампу

18
Зміцер Бандарэнка: З гэтым давядзецца лічыцца і Пуціну, і Трампу

У Еўропы ўжо ёсць два моцныя лідары — Зяленскі і Залужны.

Куды прэзідэнт Дональд Трамп вядзе ЗША? Ці застанецца Амерыка сусветным гегемонам? Ці выстаіць Украіна? У блоку якіх краін апынецца Беларусь? Гэтыя і іншыя пытанні сайт Charter97.org задаў каардынатару грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітру Бандарэнку.

- Амерыканская дапамога для Украіны цяпер спыненая. Ці выстаіць Украіна?

— Украіна абавязкова выстаіць, бо мае самае магутнае войска ў Еўропе і баявы досвед, якога няма ні ў адным войску сярод дэмакратычных краін. Калі б Украіна саступіла, яна была б адрэзаная ад Чорнага мора. Цалкам зразумела, што пад шумок перамоў Пуцін хоча захапіць Адэсу. Пасля такіх дзеянняў захоп узбярэжжа Балтыкі да Калінінграда быў бы прадвызначаны. Еўрапейскія краіны разумеюць гэтую небяспеку, таму такі сцэнар не будзе дапушчаны. Еўропа прачынаецца.

Трамп жа хоча атрымаць эканамічную выгаду, добра выглядаць у вачах сваіх выбарцаў, якія не вельмі моцныя ў міжнароднай палітыцы і геапалітыцы. Калі б гэты варыянт рэалізаваўся, гэта, вядома, была б іміджавая катастрофа для Трампа і Амерыкі. Таму ЗША не дапусцяць такой паразы Украіны.

Як мы бачым, не толькі ў Раеі ўсё робіцца праз "адно месца", але і на Захадзе. Спадзяюся, здаровы сэнс возьме верх, Расея не атрымае таго, што хоча, а Украіна выстаіць і ўмацуецца.

- Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп знаходзіцца ва ўладзе толькі 44 дні, але за гэты час паспеў зрабіць столькі заяў і дзеянняў, што многія ўжо сумняваюцца, з'яўляецца Амерыка часткай Захаду. Ці змаглі вы разгледзець сярод гэтага "белага шуму", які мы чытаем і чуем кожны дзень з-за акіяна, куды ідуць ЗША?

- Трэба сказаць, што шмат дзесяцігоддзяў Амерыка з'яўлялася сусветным паліцыянтам. У 1945 годзе ВУП ЗША складаў больш за 50% ад унутранага валавога прадукту ўсіх краін на зямлі. Сёння ВУП ЗША застаецца вялізным — больш за 27 трыльёнаў даляраў, але гэта толькі больш за 26% сусветнай эканомікі.

Існуе такое паняцце - гегаманісцкія цыклы. Тэорыя ў тым, што ў свеце адбываецца змена гегемона прыкладна на сто гадоў. Калі гегемон не мае перавагі, і ёсць краіна, якая гатова кінуць выклік, пачынаюцца гандлёвыя войны, пратэкцыянісцкія меры, адкат ад глабальнага гандлю.

Усё гэта мы зараз назіраем. Калі ЗША будуць разам са сваімі супольнікамі з ЕЗ, ВУП якога - $18 трыльёнаў, Вялікабрытаніяй, у якой $4 трыльёны, плюс Канада, Японія, Аўстралія, іншыя дэмакратычныя краіны, тады Амерыка зможа застацца сусветным гегемонам, але ў кааліцыі з дэмакратычнымі краінамі.

Што б не казаў Трамп, ЗША застаюцца лідарам дэмакратычнага свету. Калі ён паспрабуе перакуліць гэтыя шматгадовыя звязы, зазнае самая Амерыка. Зразумела, што Кітай кідае ЗША выклік і глабальна, і ў Ціхаакіянскім рэгіёне, у імкненні вярнуць Тайвань "у сваю гавань". Без дапамогі супольнікаў з NАТО, ЗША не змогуць супрацьстаяць Кітаю.

Мы назіраем стыль Трампа кіраваць краінай у жывым эфіры - праз PR-метады і танныя папулісцкія і прапагандысцкія крокі. Урэшце ён сутыкнецца з рэальнасцю, а палітыка ЗША стане больш цвярозай. Канешне, не выключаю, што калі цяперашняй адміністрацыі ўдасца паламаць сістэму, гэта будзе ўдар па ўсёй Амерыцы. Мы бачым павелічэнне мыт не толькі для Кітая, але і бліжэйшых хаўруснікаў - Мексікі, Канады і, магчыма, ЕЗ. Да чаго гэта прывядзе? Да падвышэння цэн у ЗША, разрыву тэхналагічных ланцужкоў і падзення амерыканскага ВУП. А ў Мексіцы і Канадзе гэта ўдар па амерыканскім кампаніям, якія там знаходзяцца і вырабляюць тавары, якія з'яўляюцца канкурэнтаздольнымі ва ўсім свеце. Калі яны вернуцца ў ЗША, значыць, канкурэнтаздольнасць будзе зніжаная.

- Асяроддзе Трампа кажа аб тым, што мэтай ЗША з'яўляецца зрабіць «Кісенджэра наадварот» - адарваць Расею ад Кітая, а затым агульнымі сіламі супрацьстаяць Пекіну. Ці магчыма гэта?

- Захад ужо шмат гадоў спрабуе адарваць Лукашэнку ад Расеі. З аднаго боку, вялікія намаганні для гэтага не прыкладаліся, з другога - была магчымасць адарваць не Лукашэнку ад Расеі, а Беларусь, зрабіўшы яе дэмакратычнай.

Мяркую, што адарваць Расею Пуціна і людзей, якія ідэалагічна да яго блізкія, ад Кітая немагчыма. Расею ці некалькі дэмакратычных краін, якія могуць узнікнуць на яе тэрыторыі ў будучыні, — так.

Пакуль што Пуцін з-за свайго фатальнага кіравання ўсюды пацярпеў паразу. У Балтыйскім моры - Фінляндыя і Швэцыя ўвайшлі ў NАТО, Пуцін саступіў Турцыі на Каўказе і ў Сірыі. Быццам бы сябры з Эрдаганам, але дзве такія паразы. Пуцін у 2004 годзе быў вымушаны даць дабро на пашырэнне NАТО - увайшлі ў Альянс краіны Балтыі, Цэнтральнай Еўропы і некаторыя іншыя дзяржавы.

Няўдачы і імкненне да канфрантацыі з Захадам прывялі яго да залежнасці ад Кітая. Сёння энергарэсурсы РФ могуць ісці толькі ў КНР і Індыю, а Еўропа страчаная. ЗША могуць казаць пра сяброўства, але напраўду яны шмат у чым замясцілі газавыя пастаўкі ў ЕЗ, часткова і расейскую нафту, і гэта будзе працягвацца.

У Трампа, скажам так, вялікіх перамог падчас першага тэрміна таксама не было. Няўдалая спроба спакусіць Кім Чэн Ына, таемнае пагадненне з талібамі ў Кэмп-Дэвідзе без удзелу ўрада ў Кабуле, якое прывяло да ўцёкаў з Афганістана, няўдачы у Сірыі і Іраку, якія перайшлі ў зону ўплыву Расеі, Ірана і яго сатэлітаў.

Зараз два не самыя удалыя мэнэджары хочуць сябраваць. З іншага боку, якімі б не былі намеры самага ўплывовага чалавека ў свеце - прэзідэнта ЗША - эканамічная моц Амерыкі застаецца фактарам, з якім усім давядзецца лічыцца. З таго, што абяцае Трамп, для нас самым карысным было б зніжэнне коштаў нафты і пабудова «Залатога купала» - суперсучаснай сістэмы СПА. Гэтыя дзеянні рэальна дабілі б Расею эканамічна.

- Доўгія гады ўсе наракалі на тое, што ў Еўропе няма палітыкаў калібру Тэтчэр, Чэрчыля, дэ Голя. У апошнія дні мы бачым шмат амбіцыйных заяў з боку еўрапейцаў. Ці чакаць рашучых дзеянняў, і, самае галоўнае, ці ёсць лідары, якія гатовы іх увасабляць у жыццё?

- Калі зыходзіць з рэальнай сітуацыі, еўрапейцы зразумелі, што ЗША за Трампам іх бяспеку гарантаваць не будуць. Непазбежна давядзецца нарошчваць вайсковыя выдаткі - інвестыцыі ў абарону і ВПК, будуць павялічвацца войскі.

Калі казаць пра лідараў, то ён сёння ёсць. Гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Нездарма многія называюць яго "новым Чэрчылем". Еўрапейцы цудоўна разумеюць, што сёння Украіна абараняе не толькі сябе, але і ЕЗ, яго каштоўнасці. Я б сказаў, што ёсць яшчэ адзін еўрапейскі лідар - гэта генерал Валерый Залужны.

Мой сябар Андрэй Саннікаў выказаў такую ідэю: Захад непазбежна будзе спрабаваць выкарыстоўваць украінскае войска для ўмацавання ўсёй еўрапейскай абароны. Калі пачнуцца крокі для стварэння ўласнай еўрапейскай сілы, якая гарантуе бяспеку, то існуе ўжо падрыхтаванае ўкраінскае войска. Генерал Залужны можа стаць адным з камандзіраў гэтага еўрапейскага войска. Вось ёсць ужо два лідары.

Ад Польшчы еўрапейскім лідарам мог бы стаць кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі, які і паводле біяграфіі, і мазгамі з'яўляецца глабальным чалавекам.

Безумоўна, маторам еўрапейскай эканомікі з'яўляецца Нямеччына, дзе прыйшоў да ўлады амбіцыйны Фрыдрых Мэрц, які з'яўляецца паспяховым бізнэсоўцам, які разумее, што трэба гарантаваць бяспеку ўласных інвестыцый. Францыя і Вялікабрытанія застаюцца краінамі Еўропы, якія маюць ядзерную зброю. Іх лідары, Эмануэль Макрон і Кір Стармер, апошнім часам паводзяць сябе вельмі годна. Менавіта іх парасон можа абараніць еўрапейцаў. Ужо ідуць размовы, што Францыя можа размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі сваіх супольнікаў. Не выключаю, што яна можа з'явіцца ў Польшчы ці Румыніі, што стане сур'ёзным чыннікам стрымлівання.

Скажу, што мы жывём у эпахальны час. Еўропа непазбежна будзе цэнтрам эканамічнай і вайсковай-палітычнай сілы. Застануцца і нармальныя стасункі з Амерыкай, бо геапалітычны інтарэс ЗША - галоўнай марской дзяржавы свету - у падтрыманні Еўропы як свайго плацдарма ў Еўразіі. Ніхто не касаваў галоўных законаў геапалітыкі: калі Сусветная выспа, якая ўключае Еўразію і Афрыку, трапіць пад кантроль аўтарытарных ці дыктатарскіх рэжымаў, гэта стане пагрозай і для ЗША.

Еўразвяз жа павінен пасталець і нарасціць мускулы, што сёння і адбываецца.

- Дзе апынецца Беларусь? Цяпер мы гаворым пра Беларусь больш як пра аб'ект усіх гэтых геапалітычных змен, ці ёсць шанец стаць суб'ектам?

- Выбар у Беларусі такі: альбо мы частка таталітарнага свету Кітая і Расеі, альбо частка Еўраатлантычнай цывілізацыі. У нашай сітуацыі трэба ўсвядоміць, які выбар рабіць. Паміж гэтымі гігантамі мы не зможам існаваць, а ніхто не жадае сваім дзецям і ўнукам жыцця пры таталітарызме. Мы праходзілі ўжо такі этап. Беларусь змагла на нейкі момант вырвацца з гэтага пекла, таму сёння мы мусім быць часткай Еўропы.

У геапалітыцы ёсць эканамічнае, вайсковае, палітычнае змаганне, змаганне на сушы, на моры, у паветры, але сёння важная і змаганне ідэй, змаганне ў інтэрнэце. Гэта мы можам рабіць кожны дзень, узаемадзейнічаючы з насельніцтвам, сваімі знаёмымі і сябрамі. Можна гэта рабіць на больш сур'ёзным узроўні, калі мы гаворым пра журналістаў патрыятычных СМІ, на асабістым узроўні таксама можна шмат зрабіць. Бо мы бачым, што асобныя блогеры, нават беларускія, сёння робяць больш, чым СМІ, якія дзесяцігоддзямі падтрымліваліся Дзярждэпам ЗША.

Калі мы зробім свой выбар, то ў момант, калі адбудзецца паслабленне Расеі (а яно непазбежна адбудзецца, бо яна слабая і эканамічна, і дэмаграфічна, усе краіны на яе паўднёвай мяжы перажываюць дэмаграфічны бум), Беларусь павінна зрабіць дакладныя і паслядоўныя крокі. Беларускія эліты павінны ўжо сёння ўяўляць, што яны будуць рабіць, каб мы сталі нармальнай краінай Еўразвязу і Еўраатлантычнага блока. Няхай NАТО і будзе мадэрнізавацца, але калі мы апынёмся ў еўрапейскай сістэме бяспекі, беларусы будуць дастаткова абароненыя. Сёння суб'ектнасць Беларусі - суб'ектнасць моцных медый, асобных палітычных цэнтраў і моцных людзей.

2020 год паказаў імкненні беларусаў. Нават нягледзячы на паразу, Беларусь інэрцыйна застаецца міжнародным суб'ектам. Усе нашыя суседзі, еўрапейскія краіны, кажуць, што без свабоднай Беларусі Еўропа не будзе поўнай.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках