Навукоўцы ўпершыню зрабілі святло цвёрдым і вадкім: Як гэта ўладкавана
11- 6.03.2025, 21:07
- 5,174

Паводле словаў навукоўцаў, навука стаіць на парозе «чагосьці новага».
Навукоўцы ўпершыню змаглі ператварыць святло ў так званае звышцвёрдае цела. Яно можа паводзіць сябе і як цвёрды матэрыял, і як звышцякучая вадкасць. Аўтарамі адкрыцця сталі спецыялісты з Нацыянальнай даследчай рады ў Італіі, піша New Scientist..
Як адзначылі навукоўцы, іх дасягненне – «гэта даволі крута». Тая самая каманда блізу 10 гадоў таму змагла прадэманстраваць паводзіны святла ў якасці вадкасці. Цяпер яны пайшлі далей і фактычна ператварылі святло ў цвёрдае цела.
Фізікі падкрэслілі, што звышцвёрдыя целы валодаюць нулявой глейкасцю, гэта значыць яны поўнасцю пераадольваюць трэнне. Але ў той самы час такі матэрыял мае крышталепадобную структуру, якая надае яму форму. Перш атрымаць такое рэчыва можна было толькі ў эксперыментах з атамамі, якія астуджаюць да такой ступені, што квантавыя эфекты становяцца бачнымі.
На гэты раз італьянскія навукоўцы замест такіх атамаў выкарыстоўвалі арсенід алюмінію-галію, паўправаднік, які выкарыстоўваецца ў розных прыладах. На матэрыял з узорам з вузкіх грабянёў накіравалі лазер. Узаемадзеянне святла з паўправадніком утварыла ў прамежках паміж выступамі палярытоны. Так называюцца гібрыдныя часціцы, якія могуць аб'ядноўвацца ў звышцвёрдыя станы.
Спецыялісты старанна прааналізавалі матэрыял, які атрымаўся. Яны здолелі даказаць, што падчас эксперыменту са святла ўтварылася звышцвёрдае цела. Раней нічога падобнага ў гісторыі не было.
Але наперадзе ў навукоўцаў яшчэ шмат працы. Ім трэба правесці вялікую колькасць вымярэнняў, каб зразумець дакладныя ўласцівасці матэрыялу. Гэта дазволіць у будучыні «разумець мноства новых і дзіўных тыпаў матэрыі». Фізікі дадалі, што іх дасягненне – толькі «пачатак чагосьці новага».