Чаму Беларусь засталася без бульбы
60- 7.03.2025, 19:07
- 30,362

Пра будучы дэфіцыт Лукашэнку папярэджвалі.
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў краіне, па-першае, не стае бульбы, па-другое, яна прыкметна падаражэла. Прычым аб надыходзе праблемы папярэджвалі, аднак улады рапартавалі, што ўсё пад кантролем. Аналітык Сяргей Чалы - аб тым, як жа так выйшла.
- З бульбай гісторыя надзвычай простая. Самі фермеры, якія займаліся бульбай, яшчэ да сезона 2024 года сказалі, што ў 2023-м зрабілі шмат, але цана была настолькі нізкай, што яна заставалася гніць, - тлумачыць Чалы на канале БРЦ. - Размова ішла аб тым, каб падняць цану бульбы на 20-30 капеек, і тады будзе зусім іншая сітуацыя, таму што бульбачка не можа быць бясплатнай. Але ўлады гэтага не зрабілі, бо ёсць рэгуляванне коштаў.
Тады фермеры надумалі не вырошчваць столькі бульбы. І пра тое, што будзе дэфіцыт, таксама папярэджвалі.
Размовы на тэму бульбы некалькі месяцаў ішлі на афіцыйных рэсурсах, зазначае аналітык. А на БЕЛТА выйшаў артыкул з загалоўкам «Беларусь застанецца без бульбы? Пацікавіліся ў Мінсельгасхарча, ці спраўдзяцца страхі ўцекачоў».
— Галоўчанка расказваў, што закладзена-перазакладзена ва ўсіх сховішчах. А потым «ой, а што здарылася». А чаму бульбачка вырасла ў кошце на 40% за год? Гэта наўпроставы вынік, прадбачаныя наступствы (коштавага рэгулявання - заўв.).
Нядаўна Лукашэнка праводзіў нараду аб новай сістэме рэгулявання коштаў, і я даўно не бачыў такой ашаламляльнай розніцы паміж тым, што ён чытае з паперкі і тым, што кажа сам. Маўляў, калі б дакумент аб рэгуляванні коштаў быў сапраўды комплексным, як мяркуюць ва ўрадзе, то скаргаў з боку вытворцаў і прадаўцоў не было б.
Праўда, потым Лукашэнка пачынае казаць аб тым, што паглядзеў на людзей, якія скардзяцца, і прапануе тым, у каго сёння няма грошай нешта купіць, ісці на другую ці трэцюю працу, падкрэсліваючы, што ў нас самыя нізкія кошты ў свеце.
Хочацца задаць пытанне: а што гэта за заробкі такія, якія не дазваляюць існаваць чалавеку? Таму што пытанне не ў самых нізкіх коштах у свеце, а ў кошце жыцця. Кошты могуць быць самымі нізкімі, але калі ў нас яшчэ і самыя нізкія заробкі ў свеце…
А на яго фразу, маўляў, стань перад люстэркам і паглядзі, ці можаш ты даваць вынік, хочацца адказаць: пачні з сябе.