Гомельская вобласць буйна «падвяла» Лукашэнку
21- 8.03.2025, 23:01
- 29,458

Праваленае важнае «заданне».
Пра падзенне экспарту ў Расею прадукцыі прадпрыемстваў Гомельскай вобласці, сярод іншага ААТ «Гомсельмаш», стала вядома з дакумента, які апублікавала выданне «Позірк».
Размова ідзе пра Пратакол даручэнняў, складзены пасля пасяджэння профільнай міжведамаснай працоўнай групы. У дакуменце канстатуецца «крытычна нізкі ўзровень» чаканых у 2025 годзе паказнікаў экспарту ў РФ.
За студзень і першы квартал гэтага года працоўная група «прыняла да ўвагі» прагноз на экспарт у РФ у прадпрыемстваў Гомельскай вобласці на ўзроўні 82% у параўнанні з аналагічным паказнікам 2024 года. Гэта самы нізкі паказнік у краіне.
Верагодна, віноўнік правалу – «Гомсельмаш». Аналагічныя звесткі прыведзеныя пра шэраг прамысловых прадпрыемстваў, сярод якіх «Гомсельмаш» займае апошняе месца. Прагноз на экспарт ягонай прадукцыі ў Расею ў студзені і першым квартале гэтага года – усяго 26,9% да леташніх паказнікаў.
У сувязі з гэтым гомельскаму прадпрыемству далі заданне – «забяспечыць сістэмны штодзённы кантроль працы маркетынгавай службы ў экспарце ў расейскія рэгіёны». Дарэчы, у канцы 2024 года паведамлялася, што 85% экспарту «Гомсельмаша» ідзе менавіта ў Расею.
У цэлым у краіне рызыкі зніжэння экспарту ў РФ звязваюць з «недастатковым узроўнем закантрактаванасці запланаваных аб'ёмаў экспарту тавараў».
Таксама ў дакуменце адзначаецца, што Гомельская вобласць – у ліку тых, хто не выканаў «свае абавязальніцтвы ў пастаўках у Расею» паводле вынікаў 11 месяцаў 2024 года.