Bloomberg: Расею накрывае новая катастрофа
29- 9.03.2025, 19:37
- 44,510

Крэмль ужо разумее памер катастрафічных наступстваў.
Нягледзячы на адчайныя спробы Крамля ўявіць будучыню Расеі як светлую і стабільную, дэмаграфічная сітуацыя ў краіне працягвае імкліва пагаршацца. Як паведамляе Bloomberg, расейцы масава ігнаруюць заклік Пуціна да павелічэння нараджальнасці, паколькі вайна, эканамічны крызіс і рэпрэсіі ствараюць адчуванне нестабільнасці і разбураюць веру ў будучыню.
З афіцыйных звестак Расстата, у 2024 годзе насельніцтва Расеі скарацілася на 600 000 чалавек, а нараджальнасць упала да мінімальнага ўзроўню за 25 гадоў. Гэта самы імклівы спад з 1999 года, нягледзячы на мільярды, выдаткаваныя на прапаганду.
Пуцінская дэмаграфічная няўдача
Дэмаграфічная катастрофа ў Расеі дасягнула новага ўзроўню: у 2024 годзе нарадзілася ўсяго 1,22 млн чалавек - на 3,4% менш, чым годам раней. Гэта мінімальны паказчык з 1999 году. Смяротнасць вырасла на 3,3%, склаўшы 1,82 млн чалавек, што прывяло да паскарэння натуральнага змяншэння насельніцтва. Агульны тэмп скарачэння насельніцтва павялічыўся на 20 адсоткаў у параўнанні з 2023 годам.
Як адзначаюць экспэрты, ключавымі прычынамі крызісу стала трохгадовая вайна з Украінай - дзясяткі тысяч расейскіх мужчын гінуць або атрымліваюць цяжкія раненні, выбіваючы цэлы пласт патэнцыйных бацькоў. Эканамічны крызіс - падзенне прыбыткаў, санкцыі і дэфіцыт тавараў робяць установу сям'і рызыкоўным крокам. Паглыбленая дэпрэсія грамадства - страх перад будучыняй і мабілізацыяй змушае расейцаў пазбягаць планавання дзяцей.

Са слоў незалежнага дэмографа Ігара Яфрэмава, праблема яшчэ глыбейшая.
"Цяпер адначасова з вайной на дэмаграфію цісне "дэмаграфічная яма" 1990-х, калі нараджальнасць павалілася пасля распаду СССР", – адзначае ён.
Наступствы для эканомікі і цэласнасці Расеі
Скарачэнне насельніцтва ўжо выклікае востры дэфіцыт працоўнай сілы, што падрывае эканоміку і развіццё краіны. Кампаніі вымушаны наймаць мігрантаў, аднак гэта не развязвае сістэмныя праблемы. Акрамя таго, дэмаграфічны спад ставіць пад пагрозу ўтрыманне вялізных расейскіх тэрыторый, асабліва ў Сібіры і на Далёкім Усходзе. Пры натуральным змяншэнні і масавым адтоку насельніцтва Масква ўсё менш кантралюе стратэгічна важныя рэгіёны.
Старэнне насельніцтва стане непад'ёмным грузам для бюджэту - скарачэнне колькасці працоўных грамадзян знізіць падатковыя паступленні, а выдаткі на пенсіі і ахову здароўя вырастуць.
Крэмль «малюе» мігрантаў
Цікава, што Расстат раптам змяніў метадалогію падліку насельніцтва, дадаўшы ў статыстыку 120 000 чалавек на месяц. Незалежны аналітык Аляксей Ракша адзначае, што калі экстрапаляваць гэтыя звесткі, то атрымліваецца, што за год Расея «намалявала» сабе 1 400 000 новых грамадзян - нават больш, чым у ЗША.
Але нават гэтыя маніпуляцыі не хаваюць галоўнага: дэмаграфічны крызіс толькі ўзмацняецца, у найбліжэйшыя 10 гадоў тэмпы змяншэння насельніцтва могуць дасягаць 700 000 чалавек на год.
Вайна і крызіс разбураюць «пуцінскую стабільнасць»
Расея ўваходзіць у зацяжны дэмаграфічны калапс, выкліканы вайной, крызісам і адсутнасцю перспектыў. Прапаганда пра «духоўныя змацаванні» і «традыцыйныя каштоўнасці» не здольная прымусіць людзей нараджаць дзяцей, калі іх будучыня бачыцца ў мабілізацыі, рэпрэсіях і беднасці.
Нават афіцыйныя звесткі паказваюць, што імкненне Пуціна стварыць "вялікую імперыю" прыводзіць толькі да разбурэння краіны знутры. І чым даўжэй працягваецца вайна, тым хутчэй Расея страчвае свой народ.