Ва Уроцлаве праходзiць Фестываль незалежнай беларускай культуры
- 18.10.2024, 18:15
- 1,386

Фотафакт.
Фестываль незалежнай беларускай культуры пачаўся ва Уроцлаве 16 кастрычніка. Імпрэза праходзiць ужо ў 12-ты раз.
У праграме фестывалю 2024 года — 19 разнастайных мерапрыемстваў ад спектакляў і дыскусій да кніжнага кірмаша і канцэртаў.
Слоган фестывалю 2024 года, як паведамiлi сайту Сharter97.org арганiзатары — «Разам — далей». Гэта заклік да сумеснага разважання пра будучыню, запрашэнне не спыняцца на дасягнутым і ісці далей разам, падтрымліваючы адзін аднаго. Каманда фестывалю імкнецца натхняць людзей на сумесныя дзеянні і стварэнне разам новай рэальнасці.
У першы дзень фестывалю — 16 кастрычніка прайшла экскурсія па выставе ў Музеі Пана Тадэвуша і спектакль «Неверагоднае славянства».
У другі дзень — 17 кастрычніка— адбылася адкрытая дыскусія «Пераадольванне стэрэатыпаў. Беларусы, палякі і літоўцы» паказалi спектакль «З@.КЛЯЦЦЕ».
18 кастрычніка плануецца паказ фільма Юрыя Хашчавацкага «Выпадковы прэзідэнт» і дыскусія.
19 кастрычніка адкрыецца выстава графікі Юліі Грыцук «Не знікай». А таксама будзе працаваць творчая прастора для дзяцей «Ствараем разам».
У апошні дзень фестывалю — 20 кастрычніка — адбудзецца літаратурная сустрэча «Што далей у літаратуры?» з удзелам Святланы Курс / Евы Вежнавец, Уладзіміра Някляева і Насты Кудасавай і адкрыецца фотавыстава «Постаць».
На некаторыя мерапрыемствы патрэбны квіткі або рэгістрацыя; большая частка падзей бясплатная і даступная для ўсіх жадаючых.
Больш поўная праграма фестывалю тут.









