28 ноября 2024, четверг, 9:44
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

10 фактаў пра Аршанскую бітву, ад якой расійскіх імперцаў трасе дагэтуль

6
10 фактаў пра Аршанскую бітву, ад якой расійскіх імперцаў трасе дагэтуль

Сёлета легендарнаму разгрому маскоўскага войска пад Воршай споўнілася 510 год.

З гэтай нагоды «Салідарнасць» прапануе прыгадаць колькі цікавых фактаў.

Бітва бітваў

Бітву пад Воршай, якой сёлета споўнілася 510 год, лічаць найбуйнешай сечай у часе дзесяцігадовай вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай (1512-1522). Таксама яна стала адной з самых маштабных у Еўропе ў пачатку ХVІ ст.

Паводле летапісаў, 8 верасня 1514-га на беразе ракі Крапіўна пад Воршай сыйшліся 30-тысячнае войска гетмана ВКЛ Канстанціна АстрожскагаІвана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцы.

У складзе войска Астрожскага былі ваяры ВКЛ і Рэчы Паспалітай, поплеч з ім змагаліся князі Юры Радзівіл і Юры Алелькавіч, войскамі Кароны кіраваў надворны гетман Януш Свярчоўскі.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве. Ягоны ўдзел у бітве не спатрэбіўся.

Чыровоная ад крыві Крапіўна

Чаляднін і Булгакаў-Голіца мелі наказ ад маскоўскага князя Васіля ІІІ «войскі літоўскія й польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць».

Яны цалкам паспадзяваліся на колькасную перавагу, таму вырашылі даць адкрыты бой войску Астрожскаму ў разліку на хуткае акружэнне і разгром ворага.

Калі маскоўцы пайшлі ў першую атаку, Канстанцін Астрожскі звярнуўся да свайго войска: «Мужныя рыцары! Няхай доблесць і мужнасць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..» Гетман усю бітву быў сярод свайго войска.

Пасля няўдалай першай атакі маскоўскія ваяводы кінулі на войска ВКЛ усе свае сілы. Гэта была фатальная памылка, таму што Астрожскі падрыхтваў прыхадням непрыемны сюрпрыз.

Ён імітаваў адступленне сваёй конніцы і тым самым вымусіў маскоўцаў вялікімі сіламі кінуцца ў пагоню.

Неўзабаве палкі Чалядніна і Булгакава-Голіцы трапілі ў засаду: конніца Астрожскага расступілася ў бакі і войскі маскоўцаў апынуліся перад прыхаванымі ў лесе стралкова-артылерыйскімі аддзеламі.

Многія з акупантаў палеглі пад стрэламі пішчаляў і гарматаў, тысячы з іх у паніцы кінулі ўцякаць і загінулі ў водах Дняпра і Крапіўны. Апошняя, паводле сведчанняў летапісаў, стала чырвонай ад крыві і выйшла з берагоў, запруджаная целамі забітых.

Маскоўцы страцілі палову войска

Паводле летапісаў і хронік, маскоўскае войска страціла палову забітымі, каля пяці тысяч, а разам з імі і ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца, трапілі ў палон.

Тагачасныя польскія гісторыкі Мацей Стрыйкоўскі і Марцін Бельскі страты аб’яднанага войска Астрожскага ацэньвалі ў 400-500 рыцараў і невядомую колькасць простых жаўнераў.

Беларускі гісторык Віталь Гарматны страты войска Астрожскага ацэньвае ў 4000 ваяроў. Пры гэтым ён падкрэслівае, што з хронікі цяжка зразумець дакладную колькасць загінулых з ліку простага люду.

Слава на ўсю Еўропу

Вестка пра слаўную перамогу пад Воршай разляцелася па ўсёй Еўропе. Неўзабаве былі надрукаваныя брашуры на лацінскай і нямецкай мове, у якіх кароль Жыгімонт І і папскі нунцый Пізо апавядалі пра бітву рымскаму папу Льву Х.

Ліцвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над маскавітамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Воршай і Дуброўнай… Адным словам яны поўнасцю адпомсцілі нам за Ведрашскую бітву.

Тая бітва была слаўнай, але, як адзначаюць гісторыкі, яна не стала пераломнай у дзесяцігадовай вайне з Масквой. ВКЛ вярнула захопленыя маскоўцамі Друцак, Дуброўну, Крычаў, Амсьціслаў. Але так і не здолела вярнуць Смаленск — важны фарпост як для Вільні, так і для Масквы.

Зрэшты, поспех ваяроў Астрожскага на Крапівенскім полі на гады астудзіў запал крымскіх татараў, якія пераключыліся на паселішчы Маскоўскай дзяржавы.

На пэўны час быў разбураны план Масквы стварыць альянс з Рымам ды іншымі тагачаснымі заходнімі дзяржавамі, скіраваны супраць ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Альтэрнатыўныя лічбы

Наконт колькасці і суадносінаў войскаў, што сыйшліся на Крапіўне, ёсць сумневы ў некаторых сучасных даследчыкаў. Маўляў, месца падзеі фізічна не магло змясціць больш за сто тысяч ваяроў разам з абозамі.

Беларускі вайсковы гісторык Алесь Казакоў мяркуе, што сілы варагуючых бакоў маглі быць супастаўныя па колькасці. Ён не выключае, што Астрожскі прывёў пад Воршу 16-17 тысяч ваяроў. Прыкладна столькі ж магло быць пад Воршай маскавітаў. Пра што пішуць і расійскія даследчыкі таго перыяда.

У любым выпадку, на думку Казакова, гэта была адна з самых буйных бітваў у свой час.

Ваенны геній Астрожскага

Канстанцін Астрожскі нездарма параўноўваўся сучаснікамі з легендарным Ганібалам. За сваё жыццё ён перамог у больш як 60 бітвах.

Рана страціў бацькоў, гадаваўся з братам пры двары вялікага князя ў Вільні. Рана праявіў талент вайскоўца. За бліскучыя перамогі над крымчакамі ў 37 гадоў стаў вялікім гетманам ВКЛ, узначаліўшы ягоныя войскі — надзвычай рэдкі выпадак у тыя часы.

У згаданай Карамзіным Вердашскай бітве Астрожскі атрымаў адну з нямногіх паразаў. Ён трапіў у палон і вымушаны быў прысягаць маскоўскаму князу. Але скарыстаўся момантам і збег на радзіму, дзе ізноў атрымаў гетманскую булаву, каб досыць хутка здабыць бліскучы рэванш пад Воршай.

Канстанціна Астрожскага лічаць сваім і беларусы, і ўкраінцы. Ён паходзіць з роду Астрожскіх, якія маглі некалі належыць да Тураўскага княства. Род Астрожскіх валодаў горадам Астрог, які месціцца на тэрыторыі сучаснай Украіны.

Маці Астрожскага Васіліса валодала дваром у Смалянах, што на тэрыторыі сучаснай Аршаншчыны.

Князь Астрожскі меў уладанні на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны. Другой ягонай жонкай стала князёўна Аляксандра Слуцкая, дачка Анастасіі Слуцкай.

Памёр Канстанцін Астрожскі ў Вільні, пахаваны ў Кіеве паводле ягонага ж тэстаменту. Яго імя носіць вуліца ў Тураве, а таксама ўкраінская 30-я асобная механізаваная брыгада, якая сёння змагаецца з нашчадкамі ворагаў легендарнага гетмана.

Войска ліцвінаў «за тры дні»

Ёсць яшчэ адна гістарычная паралель, якая перакідвае масток ад падзей пад Воршай у нашыя дні. Згодна хронік, войскі Астрожскага захапілі вялікі абоз акупатаў. Сярод іншага ў ім былі знойдзеныя тысячы кайданоў.

Верагодна, іх планавалася ўжыць у часе ганебнага шляху ліцьвінскага войска ў маскоўскі палон.

Як тут не згадаць першую хвалю расійскіх акупантаў, якія ў лютым 2022-га везлі з сабой парадную форму ў спадзеве захапіць Кіеў за тры дні. Выглядае, што з недаацэнкай суперніка ў расейцаў і праз пяцьсот год усё стабільна кепска.

Бітва, ад якой імперцаў трасе дагэтуль

Каб атрымаць уяўленне пра тое, якія эмоцыі ў расійскіх імперцаў выклікае адна толькі ўзгадка пра 8 верасня 1514-га, дастаткова, бадай, адной цытаты (а такіх публікацый не так і мала на прасторах Сеціва):

«8 сентября национально озабоченные жители Белоруссии из так называемого «свядомага кола» празднуют «День белорусской военной славы».

Эта дата выбрана в память о битве под Оршей между русским и польско-литовскими войсками. Националисты пытаются убедить белорусов, что они имеют отношение к этой битве.

Но если обратиться к правдивой истории, то в те времена предки современных белорусов были на положении «быдла» у тех, кто тогда стоял под польско–литовскими хоругвями».

Адзначым, што пры гэтым бітву пад Воршай, як узор вайсковага майстэрства, вывучалі ў тым ліку і ў вайсковых навучальных установах Расіі.

Дзень вайсковай славы

Памяць пра знакамітую бітву на беларускіх землях жыла доўга дзякуючы хронікам, летапісам і фальклёру. У падручнікі гісторыі згадка пра яе тарпіла ў пачатку ХХ ст., у першыя гады існавання БССР. Але з пачаткам сталінскага тэрору пра такія эпізоды ў гісторыі надоўга давялося забыць.

Напрыканцы існавання савецкай імперыі беларусы ўпотайкі пачалі святкаваць 8 верасня. А ўжо ў 1992-м на плошчы Незалежнасці беларускія вайскоўцы прынялі ўрачыстую прысягу. З таго дня было прынятае рашэнне штогод у гэты дзень адзначаць Дзень вайсковай славы.

У жніўні 1991-га на Крапівеньскім полі побач з вёскай Гацькаўшчына адбыўся першы фэст «Аршанская бітва». Яго арганізавалі бард Андрэй Мельнікаў і гісторык Юрка Копцік. Фестываль стаў штогадовым, яго удзельнікамі былі музыкі, мастакі, літаратары і грамадска-палітычныя дзеячы.

Крапівеньскае поле сёння

Тут выступалі Зянон Пазняк і Мікола Статкевіч, спявалі Віктар Шалкевіч, Таццяна Беланогая і гурт Gods Tower, свае перфомансы ладзіў мастак Алесь Пушкін, свае вершы чыталі Уладзімір Някляеў, Лера Сом і Серж Мінскевіч. І многія, многія іншыя.

І, канечне ж, штогод тут гучала песня, якую руплівец беларушчыны Вацлаў Ластоўскі апублікаваў у якасці народнай з іншымі фальклёрнымі творамі ў кнізе «Выпісы зь беларускай літаратуры» ў 1918-м. У нашы дні яе народнасць аспрэчваецца, але яна, бадай што, такой стала ў любым выпадку:

Ой, у нядзельку параненько

Узышло сонейко хмарненько,

Узышло сонейко над борам,

Панад Селецкім таборам.

А ў таборы трубы граюць,

Да ваяцкае парады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Аткуль Воршы дабываці:

А ці с поля, а ці зь лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

Ані з поля, а ні зь лесу,

Толькі з рэчкі невялічкі!

А ў нядзельку параненьку

Сталі хлопцы-пятыгорцы,

Каля рэчкі на прыгорцы:

Гучаць разам з самапалоў,

Зь сяміпадых ад запалоў;

Б’юць паўсоткаю з гарматоў…

Масква стала нарэкаці,

Место Воршу пакідаці;

А як з Воршы ўцекалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як нашая слава тутка прапала;

Бадай высыхала да сканчэньня сьвету,

Што нашай славанькі ўжо нету!».

Слава Воршы ўжо ня горша

Слаўся, пан Астрожскі!

Да 500-годдзя знакамітай бітвы мясцовыя энтузіясты і актывісты ўсталявалі на беразе Крапівенкі памятныя знакі.

Пасля падзей 2020-га па зразумелых прычынах фэст тут пакуль не ладзіцца. Зрэшты, праблемы з мясцовымі ўладамі і міліцыяй у арганізатараў святкавання ўзнікалі рэгулярна і ў мінулыя гады.

Нам жа застаецца спадзявацца, што над тым полем неўзабаве ізноў пачуецца: «Ой, у нядзельку параненько…»

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях